27 лістапада ўпершыню ў нашай краіне пачнецца «Чорная пятніца» — масавая распрадажа тавараў па зніжаных коштах.

Дагэтуль беларусам не было вядома нешта падобнае. Заставалася толькі паглядаць на заходніх суседзяў, якія ў пераднавагодні час маглі прыдбаць розныя рэчы з істотнымі зніжкамі. Цяпер жа і ў беларусаў ёсць магчымасць скарыстацца шчодрасцю айчынных прадаўцоў, праўда, толькі з адной асаблівасцю — зніжкі будуць прапаноўвацца толькі ў Інтэрнэт-крамах.

Дзеля таго, каб прыняць удзел ва ўсебеларускай распрадажы, можна скарыстацца спецыяльным сайтам. На гэтай Інтэрнэт-старонцы можна будзе атрымаць інфармацыю пра тавары, якія будуць прадавацца са зніжкамі, а пасля перайсці на сайт прадаўца. Арганізатары паведамляюць, што

зніжкі могуць складаць да 70%.

Акцыя пачнецца 27 лістапада а 19.00 і працягнецца тры дні.

Сярод крам, якія прымуць удзел у акцыі, такія вядомыя прадаўцы, як aliexpress.com, sity.by, wildberries.by. Усяго прадстаўлена больш за 20 крам — беларускіх і замежных.

Першапачаткова «Чорная пятніца» — гэта пятніца пасля Дня Падзякі ў ЗША (чацвёрты чацвер лістапада). Нярэдка гэты дзень разглядаецца як пачатак сезону калядных распрадаж. Звычай ладзіць распрадажы ў гэты дзень з'явіўся яшчэ ў XIX стагоддзі. А назвай «Чорная пятніца» пачалі карыстацца ў 1966 годзе. З-за таго, што Дзень Падзякі адзначаецца ў чацвёрты чацвер лістапада, «Чорная пятніца» выпадае ў прамежак з 23 па 29 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?