Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што ўлады зробяць усё магчымае, каб не дапусціць падобных «каляровым рэвалюцыям» падзей.
«Мы бачым, да якіх трагічных наступстваў прывяла хваля так званых каляровых рэвалюцый, і мы зробім усё для таго, каб гэта ніколі не здарылася ў Расіі», - сказаў Пуцін, выступаючы на пасяджэнні Рады бяспекі, дзе разглядаецца дзяржаўная канцэпцыя процідзеяння экстрэмізму.
Прэзідэнт Расіі таксама прыраўняў «каляровыя рэвалюцыі» да экстрэмізму, які, па яго словах, выкарыстоўваецца ў сучасным свеце як інструмент геапалітыкі і перадзелу сфер уплыву.
«Мы павінны паслядоўна, глыбока і настойліва займацца прафілактыкай экстрэмізму, вынішчаць нават перадумовы для яго праявы», - адзначыў Пуцін.
У прыватнасці, ён заклікаў узмацніць кантроль за выкананнем правілаў знаходжання мігрантаў, паколькі, на яго думку, незаконная міграцыя з'яўляецца «пажыўным асяроддзем для злачыннасці, ўзнікнення міжэтнічнай напружанасці і праяваў экстрэмізму».
Расійскі лідар таксама заявіў, што занепакоены ростам прапаганды экстрэмізму ў інтэрнэце.





