За незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў асуджаны старшакласнік адной са школ горада Баранавічы.
Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Ларыса Караневіч,
16-гадовы дзесяцікласнік набыў праз інтэрнэт курыльную сумесь і 6 мая з мэтай збыту прынёс яе ў школу, дзе вучыўся.
Там жа супрацоўнікам міліцыі ў яго было канфіскавана тры палімерныя пакецікі са спайсам агульнай вагой 18,19 грама, што складала больш за 100 разавых доз.
У дачыненні да школьніка распачалі крымінальную справу. 10 чэрвеня яго ўзялі пад варту.
16 верасня суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў старшакласніка вінаватым у незаконным з мэтай збыту набыцці і захоўванні асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва на тэрыторыі ўстановы адукацыі (ч. 3 арт. 328 КК) і прыгаварыў да васьмі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі.
Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 21 лістапада пакінула без змены прыгавор, і ён набыў законную моц.
Як зазначыла Караневіч, раней школьнік трапляў у поле зроку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. У лістападзе 2013 года ў яго было знойдзена пяць пустых палімерных пакецікаў з-пад спайсаў.





