Баварская паліцыя арыштавала 59-гадовага электрыка, які ў мястэчку Кельхайм збудаваў бункер-бамбасховішча і сабраў вялізны арсенал зброі на выпадак ядзернай вайны з Расіяй, перадае Local.

Паліцыі спатрэбілася тры дні, каб прабіцца ў бункер і цалкам аглядзець знойдзены арсенал. Падвал свайго дома немец расшырыў і ўмацаваў з разліку на ядзерны ўдар. Па звестках паліцыі, ён сабраў два аўтаматы, 80 вінтовак і ружжаў, 20 тысяч патронаў і 40 кг рэчыва для вырабу выбухоўкі. Таксама сховішча было абсталяванае сістэмай вентыляцыі і ачысткі вады, месціла запасы харчоў.

Як паведаміла паліцыя, мужчына псіхічна здаровы. Сувязяў з экстрэміскімі групоўкамі не выяўлена.

«Ён спужаўся пагрозы з боку буйной усходнееўрапейскай дзяржавы. Ён баяўся Расіі. Мы не ведаем, калі ён пачаў будаўніцтва. Ён усё зрабіў сам», — кажа мясцовы паліцыянт. Цяпер мужчыну абвінавачваюць у нелегальным захоўванні зброі і выбухоўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?