60 населеных пунктаў у Гродзенскай вобласці былі адключаныя 22 лістапада ад электраэнергіі.
Як паведамляе Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС, 22 лістапада ў 09.50 паступіла паведамленне аб адключэнні электраэнергіі ў 47 населеных пунктах Гродзенскага і 13 населеных пунктах Свіслацкага раёнаў. Без электразабеспячэння заставаліся 3 малочнатаварныя фермы (вёскі Жукевічы, Рагачы, Адэльск) Гродзенскага раёна. Аб'екты забеспячэння жыццядзейнасці ў зону адключэння не патрапілі.
Для аднаўлення электразабеспячэння працавалі 20 брыгад электрычных сетак (51 чалавек на 22 адзінкі тэхнікі).
Прычына адключэння - наліпанне мокрага снегу і абрыў электрычных дратоў. Па стане на 06.00 23 лістапада заставаліся без святла 20 населеных пунктаў Гродзенскага раёна. Электразабеспячэнне МТФ адноўлена.





