Паводле новых правілаў, прынятых Міністэрствам аховы здароўя ў пастанове № 66, лекі выдаюцца ў абмен на рэцэпт. Самі ж квіткі мусяць заставацца ў аптэках. Таксама цяпер адзін рэцэптурны бланк можа выкарыстоўвацца толькі для аднаго прэпарата.

Цяжкі шлях да паліклінікі

Новая схема атрымання лекаў сапраўды робіць няпростым набыццё моцнадзейных рэцэптурных прэпаратаў па ўласным жаданні. Трэба сказаць, што ва ўсім свеце рэцэпты адбіраюць — каб не куплялі лішняга ці не набывалі лекі для перапродажу. Аднак новыя правілы адразу ж ударылі і па хранічна хворых. Доўгатэрміновыя рэцэпты сталі бескарыснымі: цяпер іх таксама можна выкарыстаць толькі аднойчы і пакінуць у аптэцы.

Пераход на новыя правілы адбыўся адразу, без папярэджання ці нейкага пераходнага перыяду, таму ў непадрыхтаваных людзей узніклі праблемы з лекамі і многія засталіся без прэпаратаў, бо прыёму спецыяліста можна чакаць не адзін дзень. Да таго ж людзі абураюцца, што цяпер ім давядзецца штомесяц хадзіць па дактарах, толькі каб выпісаць дакумент. А справа гэта не хуткая і нават небяспечная для аслабленага імунітэту, асабліва ў сезоны эпідэмій.

Адным з такіх гаротных пацыентаў стаў лідскі мастак Пятро Цімафееў. У яго хворае сэрца, і ён вымушаны прымаць тры рэцэптурныя прэпараты. Новую сістэму атрымання медыкаментаў ён характарызуе як «вельмі дрэнную»: «Раней доктар мне выпісваў рэцэпт на паўгода. Цяпер мне трэба хадзіць па рэцэпт кожны месяц, калі не часцей. І не для таго, каб мяне паглядзелі, а проста за паперкай. Мне трэба стаяць у чарзе. Ёсць такія лекі, якія трэба прымаць штодня. Без некаторых прэпаратаў, напрыклад, без «Сіднафарма», які я прымаю двойчы на дзень, я нават не магу выйсці з дома. Лекі танныя, але без рэцэпта іх не набудзеш».

Афіцыйна ад Мінздароўя

Паводле новых правілаў, рэцэпты, выдадзеныя да 19 кастрычніка 2014 года, з'яўляюцца сапраўднымі падчас усяго тэрміну іх дзеяння. Пры набыцці лекаў па такім рэцэпце ў аптэцы мусяць зрабіць ксеракопію рэцэпта, а арыгінал аддаць уладальніку. Аднак дадзены парадак не распаўсюджваецца на тыя лекавыя сродкі, рэцэпты на якія і раней таксама павінны былі захоўвацца ў аптэцы на працягу аднаго месяца.

Пацыенты з хранічнымі захворваннямі таксама не мусяць хадзіць па дактарах кожны раз, каб атрымаць лекі. Такім асобам рэцэпты могуць выпісвацца на тэрмін да шасці месяцаў. Такім чынам, падчас візіту ў паліклініку на кожны месяц можа быць выпісаны асобны рэцэпт, патлумачылі «Нашай Ніве» ў Міністэрстве аховы здароўя. Рэцэпты нумаруюцца, а тэрмін дзеяння наступнага рэцэпта пачынаецца за 5 дзён да заканчэння папярэдняга. Таксама пацыент можа папрасіць доктара выпісаць рэцэпт па блістарах, а не па цэлых упакоўках.

Пацыенты мусяць ведаць гэтыя правілы і настойваць на іх выкананні супрацоўнікамі паліклінік. Бо калі яны будуць выконвацца, чэргі ў паліклініках не мусяць істотна павялічыцца. На жаль, пакуль ніводная пастанова Мінздароўя не можа вырашыць праблему недахопу спецыялістаў і якасці аказання медыцынскіх паслуг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?