фота БелаПАН
Адміністрацыя «Мінск-Арэны» пракаментавала сітуацыю з канфіскацыяй ўкраінскіх сцягоў падчас канцэрта ўкраінскага рок-гурта «Океан Ельзи».
Юбілейны канцэрт прайшоў ўвечары 21 лістапада і супаў з угодкамі падзей на Майдане ў Кіеве, якія адзначаліся ва Украіне. Некаторыя прыхільнікі гурта неслі на канцэрт дзяржаўныя сцягі і іншую сімволіку Украіны, якую яшчэ на ўваходзе ў будынак забіралі байцы АМАПу. Інцыдэнты працягваліся і ў самой «Мінск-Арэне», куды некаторым гледачам удалося пранесці сцягі.
Намеснік генеральнага дырэктара спарткомплекса «Мінск-Арэна» Мікалай Сергіенка заявіў, што ў іх забаронена правядзенне мітынгаў ці маніфестацый: «Калі б у гледачоў былі сцягі іншых дзяржаваў, маглі б адбыцца розныя палітычныя акцыі». Але сцягі ахова прапаноўвала здаць у камеру захоўвання, кажа Сергіенка.
Высветлілася, што адміністрацыя «Мінск-Арэны» ўзгадняла з украінскім гуртом, каб яны «не спявалі пэўныя песні». І рабілася гэта, каб «не нагнятаць» сітуацыю ў зале, заявіў намеснік гендырэктара спарткомплекса.
Рашэнне не дапускаць з'яўлення сцягоў на «Мінск-Арэне» было прынята ўпраўленнем унутраных спраў Мінгарвыканкама.





