У Вілейцы маці пяцярых дзяцей, пазбаўленая бацькоўскіх правоў, у п'яным чадзе засекла сякерай сужыцеля, а потым утапіла цела ў вадаёме.
Пра гэта БелТА паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінаблвыканкама.
«На днях у Вілейскі РАУС звярнулася 40-гадовая жыхарка Вілейкі з заявай пра знікненне яе грамадзянскага мужа — 36-гадовага мужчыны, які нібыта пайшоў з дому. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку РАУС пры адпрацоўцы версій магчымага месцазнаходжання зніклага ў ходзе пошукавых мерапрыемстваў знайшлі труп мужчыны ў штучным вадаёме, размешчаным у двары дома раней судзімага 41-гадовага жыхара Вілейкі», — распавялі ў аддзяленні.
Пры апытанні жанчыны і сведак высветліліся абставіны, якія папярэднічалі трагедыі.
У суботу 15 лістапада жанчына і яе сужыцель зайшлі ў госці да свайго агульнага знаёмага, дзе сталі выпіваць. У ходзе п'янай гутаркі паміж мужчынамі ўзнікла сварка, якая перарасла ў бойку, вынікам якой сталі выбітыя ў абодвух зубы. Памірыўшыся, мужчыны працягнулі застолле, аднак пасля яшчэ некалькіх чарак гаспадар дома, успомніўшы старыя крыўды, схапіў нож і нанёс ім некалькі удараў па шыі суперніку.
Выгляд крыві і хрыпы параненага не спалохалі жанчыну. Яна схапіла сякеру і нанесла ім некалькі ўдараў па галаве.
Пасля падазраваная сцвярджала, што ўсяго толькі «хацела палегчыць пакуты» сужыцеля. Цела змоўшчыкі загарнулі ў дыванок, абматалі поліэтыленам і скінулі ў вадаём ў двары дома.
Жанчына прыехала ў Беларусь з Расіі больш за дваццаць гадоў таму, выйшла замуж і нарадзіла пяць дзяцей. З-за прыхільнасці да алкаголю была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, судзімая і апошнім часам не працавала. Нягледзячы на ўсе намаганні органаў апекі, лёсам сваіх шматлікіх дзяцей яна не цікавілася.