Андрэй Гайдукоў. Фота svaboda.org.

Андрэй Гайдукоў. Фота svaboda.org.

Актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Андрэя Гайдукова Полацкі суд прыгаварыў да 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Перад пачаткам судовага працэсу каля 14.00 Гайдукоў заявіў пра намер падключыць да працэсу адваката, прычым абавязкова з Мінска. Аднак суддзя даў актывісту толькі паўгадзіны на пошук абаронцы. У спешным парадку родныя і паплечнікі знайшлі для былога палітзняволенага мясцовага адваката, якому была дадзена адна гадзіна на азнаямленне з матэрыяламі справы. 

Працэс аднавіўся ў 16.00. 

Нагадаем, Гайдукоў быў затрыманы 21 лістапада за раздачу ўлётак у Наваполацку (Віцебская вобласць). Тады ў дачыненні да яго склалі адміністрацыйны пратакол за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (частка 1 артыкула 23.34 КоАП). Раніцай 25 лістапада міліцыянеры пры дапамозе суседкі актывіста трапілі ў кватэру да Гайдукова, якому ў выніку была перададзена позва ў суд на гэты ж дзень. 

24 лістапада Гайдукова зноў затрымалі за раздачу ўлётак пра палітзняволеных, гэтым разам у Полацку. У дачыненні да актывіста быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле аналагічнага артыкула. Яму было прадпісана з'явіцца ў полацкі суд да 16.30 27 лістапада. 

Гайдукоў правёў у зняволенні паўтара года — з лістапада 2012 года па май 2014-га. Паводле інфармацыі следства, ён быў затрыманы «ў момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы» і першапачаткова абвінавачваўся на падставе артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), пазней абвінавачанне было перакваліфікавана. 1 ліпеня 2013 года Віцебскі абласны суд прызнаў Гайдукова вінаватым паводле часткі 1 артыкула 14 і артыкула 356-прым. Крымінальнага кодэкса (замах на наладжванне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі ці разведвальным органам замежнай дзяржавы) і прыгаварыў да паўтара года пазбаўлення волі. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Беларускія праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Гайдукова палітзняволеным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?