Барысаўскі БАТЭ правёў апошнюю хатнюю гульню ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У госці на марозную «Барысаў-Арэну» завітаў чэмпіён Партугаліі клуб «Порту».

Вераснёўскае спатканне гэтых каманд скончылася для беларусаў фіяска — 0:6. Пасля БАТЭ здабыў мінімальную перамогу над іспанскім «Атлетыкам». А два апошнія матчы былі поўнай катастрофай — 0:7 і 0:5 ад данецкага «Шахцёра». Ясна, што ў такой сітуацыі новаспечаны 11-разовы чэмпіён Беларусі хацеў на развітанне парадаваць заўзятараў.

У БАТЭ праз траўмы не змаглі выйсці ў аснове пара цэнтральных абаронцаў — Ягор Філіпенка і Дзяніс Палякоў.

Гэта людзі, якія на працягу сезону цэментавалі тылы барысаўскага клуба. Замест іх у аснове з’явіліся менш абкатаныя Віталь Гайдучык (той самы, які нядаўна рэкламаваў творы Васіль Быкава) і серб Неманья Тубіч. У астатнім склад БАТЭ быў даволі прадказальны.

Джэксан Марцінез — аўтар другога гола ў вароты БАТЭ.

Джэксан Марцінез — аўтар другога гола ў вароты БАТЭ.

Першы тайм пакінуў спадзяванні на добрае сканчэнне гульні. Хоць БАТЭ і не стварыў рэальных момантаў ля варот супернікаў, але склалася ўражанне, што «Порту» ў атацы выглядаў яшчэ больш бяззуба.

Увогуле ўтварылася парадаксальная сітуацыя, што абедзве каманды за першую палову гульні не змаглі нанесці ў створ ніводнага ўдара.

А вось у другім тайме першы ж удар у створ стаў ракавым. На подступах да штрафной памыліўся Аляксандр Карніцкі. І мексіканец Віктар Эрэра (ён быў у Барысаве і тыдзень таму падчас гульняў зборных) неяк надзвычай лёгка і ўдала трапіў у далёкі кут ад Чэрніка. Было гэта на 56-ай хвіліне гульні.

Ясна, што ў такім становішчы барысаўцам толькі і заставалася, што бегчы наперад ды агаляць свае тылы. На 65-ай хвіліне яшчэ адзін прадстаўнік Лацінскай Амерыкі калумбіец Джэксан Марцінэс падвоіў перавагу партугальскага клуба.

Перад гэтым гульцы «Порту» бесперашкодна валодалі мячом у штрафной БАТЭ і рабілі адну за другой дакладныя перадачы. Калі забіваўся другі гол, то фан-сектар, якога нібыта не было, а нібыта быў, спяваў: «Што мне снег, што мне дождж, калі мае друзья са мной».

Аляксандр Ермаковіч імкнуўся ўзбадзёрыць гульню выхадам Дзмітрыя Багі ды Мікалая Сігневіча, аднак у апошні момант нашым гульцам не хапала дакладнай перадачы.

А ўжо на 87-ай хвіліне Крыстыян Тэльё паставіў кропку ў гэтай гульні. На жаль, БАТЭ зноў не атрымалася пазбегнуць буйной паразы.

Апошнюю гульню БАТЭ правядзе 10 снежня ў Більбаа супраць мясцовага «Атлетыка». Наш клуб яшчэ захоўвае тэарэтычныя шанцы на трэцяе месца ў групе, каб працягнуць у лютым змаганне ў Лізе Еўропы.

Сёння а 22:45: Шахцёр — Атлетык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?