У Светлагорску 25 лістапада грамадскі актывіст інвалід першай групы Юрый Ляшэнка спрабаваў правесці пікет, каб звярнуць увагу грамадскасці і ўладаў на праблемы інвалідаў.
У 15:00 мужчына пры спробе разгарнуць плакат на цэнтральнай плошчы быў аператыўна «затрыманы» работнікамі «хуткай дапамогі». Яго ў літаральным сэнсе панеслі ў машыну «хуткай» разам з інваліднай каляскай, паведамілі БелаПАН журналісты, якія сталі відавочцамі здарэння.
Юрыя Ляшэнку павезлі. Пазней удалося высветліць, што грамадскі актывіст знаходзіцца ў тэрапеўтычным аддзяленні раённай бальніцы і яго апытвае міліцыя.
Нагадаем, Ляшэнка меў намер 22 лістапада правесці пікет з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці і выказаць пратэст супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна. Райвыканкам забараніў правядзенне масавага мерапрыемства, матывуючы гэта тым, што месца правядзення пікету не адпавядае патрабаванням рашэння райвыканкама.
Згодна з рашэннем райвыканкама, у Светлагорску можна праводзіць пікет ці мітынг толькі ў адным месцы — на сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку культуры і адпачынку.
«Парк знаходзіцца на ўскраіне горада, у закінутым стане. Праводзіць пікет у парку проста дурное — там людзі наогул амаль не ходзяць. Ды і мне праблемна было б туды дабрацца», — пракаментаваў рашэнне выканкама актывіст.
Ён меў намер 25 лістападзе ўсё ж такі правесці пікет.





