Федэральная служба па кантролі за наркотыкамі Расіі і МУС Беларусі нейтралізавалі міжнародную групоўку, якая пастаўляла спайсы (сінтэтычныя наркотыкі) у 15 рэгіёнаў Расіі. Як перадаюць РІА Новости, пра гэта паведаміў 26 лістапада дырэктар ФСКН РФ Віктар Іваноў.
«Сумесная праца ФСКН Расіі і МУС Беларусі дазволіла нейтралізаваць міжнародную злачынную супольнасць, у якую ўваходзілі трое беларускіх грамадзян і чацвёра расіян», — сказаў Іваноў.
Паводле звестак прэс-службы ведамства, наркагрупоўка, якую ўзначальваў грамадзянін Беларусі, распаўсюджвала партыі спайсаў праз тайнікі-закладкі на тэрыторыі Масквы, Алтайскага краю, Башкірыі, Смаленскай вобласці і іншых рэгіёнаў Расіі.
Паводле аператыўных звестак, сінтэтычныя наркотыкі пастаўляліся ў Расію з краін азіяцкага рэгіёна.
Следствам даказана, што групоўка легалізавала больш як 5 мільёнаў рублёў з даходаў ад продажу наркотыкаў. Супрацоўнікі ФСКН канфіскавалі звыш 200 тысяч разавых доз наркатычных сродкаў.





