Навагрудскі замак сёння. Фота Кірыла Хілько.

Навагрудскі замак сёння. Фота Кірыла Хілько.

Гэты спіс параўнальна невялікі. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

Цяпер у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 5 тыс. 527 аб'ектаў спадчыны,

з іх матэрыяльных нерухомых — 5 тыс. 373, матэрыяльных рухомых — 78, нематэрыяльных праяў творчасці чалавека — 76. Матэрыяльныя аб'екты спадчыны прадстаўлены 2 тыс. 336 помнікамі археалогіі, 1 тыс. 759 помнікамі архітэктуры, 1 тыс. 192 помнікамі гісторыі, 60 помнікамі мастацтва, 11 помнікамі горадабудаўніцтва, 4 запаведнымі мясцінамі.

У параўнанні з суседнімі краінамі Беларусь мае адносна невялікі па колькасці помнікаў спіс матэрыяльных нерухомых аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у Расіі налічваецца амаль 121 тыс. помнікаў гісторыі і культуры, абсалютная большасць якіх сканцэнтравана на еўрапейскай частцы тэрыторыі краіны. У Польшчы — амаль 60 тыс. аб'ектаў спадчыны, у Літве — больш за 18 тыс., Азербайджане — больш за 8 тыс. Больш кароткі рэестр помнікаў гісторыі і культуры, чым у Беларусі, толькі ва Украіне (4 тыс. 659).

Пры ўмоўным разліку шчыльнасці помнікаў на квадратны кіламетр тэрыторыі і па колькасці насельніцтва атрымліваецца, што ў Беларусі адзін помнік прыпадае на 38 кв.км або на 1 тыс. 737 чалавек. У іншых краінах, паводле даных інфармацыйнай сістэмы HEREIN System (European Heritage Policies), паказчык наступны: Расія — 1 помнік / 141 кв.км/1 тыс. 212 чалавек, Украіна - 1 помнік / 129 кв.км/9 тыс. 102 чалавекі, Азербайджан — 1 помнік / 10 кв.км/1 тыс. 184 чалавекі, Польшча — 1 помнік / 5 кв.км/641 чалавек, Літва — 1 помнік / 3,5 кв.км/157 чалавек.

Гаворачы пра сітуацыю з аб'ектамі сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, Ігар Чарняўскі адзначыў, што Беларусь у гэтым выпадку падзяляе перадапошняе месца з Літвой па колькасці аб'ектаў у асноўным спісе сусветнай спадчыны (па 4 аб'екты). На апошнім месцы знаходзіцца Азербайджан (2 аб'екты). Украіна мае 7 аб'ектаў, Польшча — 14, Расія — 26. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб мэтазгоднасці актывізаваць работу па стварэнні і перапрацоўцы раней падрыхтаваных дасье на новыя аб'екты беларускага боку з папярэдняга спіса ЮНЕСКА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?