Масіўная сонечная пляміна, вядомая як Актыўны Рэгіён 12192, зноў «нацэлілася» на Зямлю. Цяпер імавернасць моцнага выкіду надзвычай высокая, перадае Space.com словы навукоўца NASA Холі Гілберт.

Актыўны рэгіён 12192 — самая вялікая сонечная пляміна, што спецыялісты назіралі за апошнія 24 гады. Гэты рэгіён ўжо знаходзіўся з небяспечнага для Зямлі боку Сонца ў кастрычніку і на пачатку лістапада. Але тады пляміна «мірна сплыла», выкідаў каранальнай масы не адбылося.

Цяпер пляміна зноў знаходзіцца «тварам да Зямлі». Яна паменшала ў памерах («усяго» дзесяць планет з нашую Зямлю ў дыяметры), але знаходзіцца ў «гатовым да выкіду» стане».

«На гэты раз большая імавернасць выкідаў каранальнай масы, не гледзячы на тое, што ўспышка можа быць меншай», — распавяла Гілберт. Яна тлумачыць, што ў рэгіёне ўжо адбыліся шэсць успышак у кастрычніку-лістападзе, але яны не прывялі да выкідаў каранальнай масы.

Цяпер пляміна перайменаваная ў Актыўны рэгіён 12209. Калі ўспышкі ў гэтым рэгіёне прывядуць да выкіду каранальнай масы, у снежні Зямлю можа чакаць магутная і працяглая магнітная бура.

Магнітныя буры могуць выклікаць непаладкі ў касмічных апаратах, перабоі з сувяззю, а таксама на здароўе некаторых людзей.

Навукоўцы не выключаюць, што аднойчы можа здарыцца нават настолькі магутны выкід, што ён прывядзе да адключэння электрычнасці ў вялікай частцы Зямлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?