Аляксандр Лукашэнка прызначыў Андрэя Раўкова міністрам абароны. Аб гэтым паведаміла афіцыйнае агенцтва БЕЛТА.
Раней Андрэй Раўкоў з 2012 быў камандуючым войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання.
Вось некаторыя сухія біяграфічныя звесткі пра яго.
Андрэй Аляксеевіч Раўкоў нарадзіўся 25 чэрвеня 1967 у вёсцы Равякі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці.
У 1988 скончыў з залатым медалём Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. У наступныя гады прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да камандзіра батальёна.
У 1999 годзе скончыў з залатым медалём камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Службу праходзіў на пасадах начальніка штаба і начальніка (камандзіра) базы захоўвання ўзбраення і тэхнікі.
У 2005 скончыў з адзнакай Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі і быў назначаны камандзірам 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады. З 2006 па 2012 год займаў пасады начальніка аператыўнага аддзела — намесніка начальніка штаба Заходняга аператыўнага камандавання, а таксама начальніка штаба — першага намесніка камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 2012 назначаны камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання.





