Крамы сподняга «Мілавіца» заменяць шыльды на маскоўскіх буціках і пачнуць называцца «Мілабель». Прычына пераменаў — канфлікт паміж беларускім вытворцам і найбуйнейшым расійскім франчайзы, які развіваў сетку ў Маскве.
Па словах Аляксея Прагера, саўладальніка кампаніі «Сталічны гандлёвы дом «Мілавіца», рэбрэндынг прызначаны на пачатак 2015 года. Чакаецца, што абнаўленне адной крамы абыдзецца прыкладна ў 10 тысяч даляраў ЗША.
Гандлёвыя пункты «Мілабель» будуць працаваць у мультыбрэндавым фармаце. Доля прадукцыі беларускага вытворцы складзе не больш за 10% ад усяго асартыменту.
Вядома, што кіраўніцтва беларускага прадпрыемства скасавала ранейшыя кантракты на пастаўку прадукцыі з расійскімі дыстрыбутарамі ў красавіку 2014. Па ўмовах новай дамовы франчайзы мусілі павысіць рознічныя цэны на прадукцыю «Мілавіцы» на 20%.
Расейцы таксама скардзяцца, што новыя правілы, якія адмаўляюць магчымасць прадастаўлення дыстрыбутарам растэрміновак і скідак па аплаце тавару, вымусілі адмовіцца ад падпісання новай дамовы.
Пад ранейшым імем «Мілавіца» у расійскай сталіцы застануцца дзевяць крамак, якія развівалі іншыя партнёры кампаніі.





