Былы палітвязень Аляксандр Малчанаў адбыў сямісутачны адміністрацыйны арышт паводле абвінавачання ў хуліганстве. Пра гэта стала вядома 28 лістапада пасля яго вызвалення.
«Нядаўна я прыехаў з Украіны пагасцяваць у родны горад Барысаў. І трэба мне было пажыць на радзіме ўсяго некалькі дзён, як пачаліся непрыемнасці», — напісаў Малчанаў на сваёй старонцы ў сетцы «Фэйсбук».
Тыдзень таму, паведаміў Малчанаў, да яго на праспекце Рэвалюцыі падышлі двое незнаёмых мужчын і сталі выстаўляць яму прэтэнзіі наконт крадзяжу рэчаў з аўтамабіля. Малчанаў прапанаваў ім звярнуцца ў міліцыю, калі яны яго ў нечым падазраюць, пасля чаго незнаёмцы пачалі яго біць. Тут жа з'явіліся супрацоўнікі міліцыі, прычым не радавыя, а, як сцвярджае Малчанаў, «даволі важныя шышкі ў маштабах Барысаўскага РАУС». Пасля іх з'яўлення двое невядомых уцяклі, а сам ён быў затрыманы. «Вінаватым стаў я — брудна лаяўся (што, дарэчы, сапраўды мела месца)», — піша Малчанаў.
Пасля вызвалення Малчанаў павінен заплаціць 526 тысяч рублёў — «за сэрвіс у ІЧУ». «Лішні раз з дому выходзіць не буду, пакуль знаходжуся на тэрыторыі РБ, — баюся зноў пачаць лаяцца», — піша былы палітвязень.





