Мінгарвыканкам зарэгістраваў курсы «Мова Нанова» як «сацыяльна-культурную ўстанову развіцця беларускай мовы і культуры». Адпаведнае пасведчанне было выдадзена 27 лістапада.

Выкладчык курсаў Глеб Лабадзенка кажа, што «мы імкнуліся да гэтага, бо курсы імкліва развіваюцца — і для нас важна дзейнічаць легальна». Паводле яго слоў, за два месяцы выдадзеныя больш за 970 студэнцкіх у гарадах, дзе адбываюцца курсы. Рэгістрацыя дазволіць іх праводзіць афіцыйна. «Раней гэта былі фактычна «гурткі па інтарэсах», якія нічога не парушалі і нікому не шкодзілі, але ж не мелі ніякага статусу», — адзначае Лабадзенка.

Паводле статута, «Мова Нанова» мае права займацца «адукацыяй для дарослых», «пазашкольным выхаваннем і навучаннем», займацца «дзейнасцю ў галіне мастацкай творчасці», а таксама праводзіць трэнінгі, майстар-класы і семінары для папулярызацыі беларускай мовы і культуры. У статуце пазначана, што галоўнай задачай «Мовы Нанова» з’яўляецца «пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў штодзённым жыцці рознымі групамі насельніцтва».

Бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова» распачалі сваю дзейнасць у студзені 2014 года ў Мінску. Цяпер курсы дзейнічаюць у 8 гарадах Беларусі, а ў сталіцы адкрыліся дадатковыя курсы для дзяцей дашкольнага веку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0