На сайце ДПК Беларусі з'явіўся сэрвіс, які дазваляе браніраваць чаргу перад перасячэннем мяжы.

Як паведамілі БелаПАН у Дзяржпагранкамітэце, з мэтай выпрабавання арганізацыйных і тэхнічных рашэнняў па ўкараненні ў аўтадарожных пунктах пропуску праз дзяржмяжу сістэмы электроннай чаргі 1 снежня органы пагранічнай службы Беларусі сумесна з іншымі зацікаўленымі органамі дзяржкіравання і арганізацыямі пачалі правядзенне эксперымента па функцыянаванні сістэмы электроннай чаргі ў аўтадарожным пункце пропуску «Казловічы» на беларуска-польскай мяжы.

У ходзе эксперымента, які будзе доўжыцца да 1 сакавіка 2015 года, уладальнікі (вадзіцелі) грузавых аўтатранспартных сродкаў змогуць браніраваць праз інтэрнэт час уезду грузавога транспартнага сродку ў пункт пропуску «Казловічы».

Транспартны сродак, для якога ажыццёўлена электроннае браніраванне, па абазначанай паласе руху (крайняй левай) павінен прыбыць у забраніраваны прамежак часу да пункта пропуску.

Супрацоўнік органаў пагранічнай службы пры ўездзе ў пункт пропуску «Казловічы» правярае наяўнасць электроннага браніравання для гэтага транспартнага сродку. Пры наяўнасці электроннага браніравання супрацоўнік органаў пагранслужбы дазваляе ўезд у пункт пропуску ў забраніраваны для гэтага транспартнага сродку прамежак часу.

Транспартныя сродкі, для якіх не ажыццёўлена электроннае браніраванне, уязджаюць у пункт пропуску на агульных падставах з дазволу супрацоўніка органаў пагранслужбы па меры іх прыбыцця да пункту пропуску.

Транспартны сродак, для якога ажыццёўлена электроннае браніраванне, прыбыўшы да пункту пропуску пазней забраніраванага прамежку часу, накіроўваецца супрацоўнікам органаў пагранічнай службы ў чаргу транспартных сродкаў, для якіх не ажыццёўлена электроннае браніраванне.

У Дзяржпагранкамітэце асабліва звярнулі ўвагу на тое, што паслуга браніравання на сайце ведамства даступная толькі аўтарызаваным карыстальнікам. Браніруецца інтэрвал часу ў адну гадзіну. Транспартны сродак павінен прыбыць да ўезду ў пункт пропуску на працягу забраніраванага інтэрвалу. Час уезду ў пункт пропуску можна браніраваць за 90 сутак, але не пазней як за тры гадзіны да жаданага часу ўезду. На стварэнне броні адводзіцца 30 хвілін.

Кіраванне працай сістэмы электроннай чаргі ажыццяўляе РУП «Белмытнясэрвіс» (аператар сістэмы электроннай чаргі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?