З майго досведу, найлепш нешта абмяркоўваецца, калі гэтае нешта з нечым параўноўваецца…

Дык вось параўнаўце праект Маніфеста аб незалежнасці, прапанаванага на Кангрэс 21 снежня, з Актам аб незалежнасці, прынятым на Усебеларускім з'ездзе 2000 года.

«Акт незалежнасці Беларусі,

прыняты Усебеларускім з'ездам 29 ліпеня 2000 г. у Мінску.

Мы, дэлегаты Усебеларускага з'езда, паўнамоцныя прадстаўнікі народа Беларусі, усведамляючы адказнасць за будучыню краіны, напамінаючы, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца дзяржавай-заснавальніцай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, грунтуючыся на прынцыпах і нормах міжнароднага і нацыянальнага права,

Заяўляем:

Беларускі народ мае тысячагадовую гісторыю сваёй дзяржаўнасці: ад Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі да сучаснай Рэспублікі Беларусь. Прынятая Вярхоўным Саветам 27 ліпеня 1990 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце сцвярджае яго дзеля галоўнай мэты свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна Беларусі. Яна абвяшчае незалежнасць краіны ў вонкавых дачыненнях, вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады, дзеючай на падставе правамоцных законаў. Любыя дзеянні супраць суверэнітэту Беларусі і нацыянальнай дзяржаўнасці недапушчальныя і павінны карацца як найвялікшае злачынства.

Дзяржаўны суверэнітэт быў замацаваны ў Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года. Паводле яе Беларусь увайшла ў свет як нейтральная, мірная, бяз'ядзерная дзяржава.

Незалежнасць Беларусі з'яўляецца набыткам не толькі сённяшняга пакалення, але нашых продкаў і належыць нашчадкам. Суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, нават праз рэферэндум.

Сёння незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай. Рэальнай небяспекай стаў дагавор аб стварэнні так званай Саюзнай дзяржавы з Расіяй, падпісаны 8 снежня 1999 года прадстаўніком беларускіх ўладаў, чыя легітымнасць не прызнаецца ў большасці краінаў свету. Мы - за добрыя, раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносны з усімі краінам свету, асабліва з суседзямі: Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. Але мы не жадаем станавіцца рэгіёнам іншай дзяржавы. Мы не дазволім ліквідаваць нашу незалежнасць і абмежаваць наш суверэнітэт, знішчыць нашу краіну.

Незалежнасць - гэта натуральнае права ўсяго народа, кожнага грамадзяніна. Толькі яна і толькі дзяржаўны суверэнітэт адкрываюць шлях нашай краіне ў еўрапейскую і міжнародную дэмакратычную супольнасць.

Мы, дэлегаты Усебеларускага з'езда,

СВЕДЧЫМ

Богам і гісторыяй дадзенае нашаму народу права мець сваю незалежную дзяржаву з яе адвечнымі сімваламі - бела-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня;

АБВЯШЧАЕМ

незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт неад'емнай каштоўнасцю беларускага народа;

ПРЫЗНАЕМ

не маючым законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі;

ЗАКЛІКАЕМ

усіх грамадзян Беларусі і ўсіх суайчыннікаў за мяжой згуртавацца вакол ідэй Акта незалежнасці Беларусі, бараніць незалежнасць Айчыны;

парламенты і ўрады дэмакратычных дзяржаў, міжнародныя арганізацыі і сусветную грамадскасць забяспечыць гарантыі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Жыве Беларусь!»

Цяпер скажыце, калі ласка: што ёсць у «Маніфесце ў абарону незалежнасці» такога, чаго няма ў «Акце незалежнасці», прынятым 14 гадоў таму Усебеларускім з'ездам?.. Хоць акт утрая карацейшы за маніфест. І праз гэта, між іншым, утрая болей насычаны не толькі зместам, але й энергетыкай.

Некалі Блез Паскаль пісаў (хоць чамусьці гэтыя словы найчасцей цытуюць з ліста Энгельса да Маркса): «Выбачай, што пішу доўга, не было часу напісаць каротка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?