Рэпартаж Еўрарадыё з грамадскіх слуханняў у Маладзечне 1 снежня, дзе людзі мусілі пагадзіцца з будаўніцтвам свінакомплексаў, але не пагадзіліся.

«Я хацеў бы, каб гэтая нарада прайшла дыпламатычна. Кароткія пытанні. Каб не было нейкіх дэбатаў і з месца выказванняў. Я папрасіў бы прадставіцца, калі ў некага ёсць пытанні. І тады ён атрымае дакладны і зразумелы адказ», — намеснік кіраўніка Маладзечанскага райвыканкама па пытаннях эканомікі Генадзь Актанаровіч крыху збянтэжана аглядае запоўненую амаль цалкам вялікую залу паседжанняў.

Вечарам 1 снежня сюды набілася каля 70 чалавек. Не лічачы дзясятка журналістаў і двух дзясяткаў разнастайных прадстаўнікоў улады. Побач зАктанаровічам сядзіць першы намеснік кіраўніка райвыканкама Генадзь Бажко, старшыня мясцовага савета дэпутатаў Віктар Невяровіч, дырэктар заказчыка будаўніцтва свінакомплексаў кампаніі «Вялес-Міт» Юрый Іваноў. Крыху далей кіраўніцтва міліцыі, водаканала, прадстаўнік кампаніі-праекціроўшчыка, эколаг з Мінска. І яшчэ дзясятак маладых і не вельмі людзей у акуратнай вопратцы. «Ты глядзі, усе разам паселі ў прэзідыуме, і начальства, і бізнесмены. Ужо аб усім дамовіліся, ясна», — пайшла пагалоска ў зале.

Актанаровіч пачынае прамаўляць першым. Расказвае пра светлую будучыню маладзечанскай свінагадоўлі і цэлыя дзве сотні новых і такіх неабходных стотысячнаму гораду працоўных месцаў. Інвестыцый — 70 мільёнаў еўра.

За Актанаровічам да мікрафона падыходзіць прадстаўнік праекціроўшчыка, называецца Аркадзем і пачынае прыгожа расказваць пра суперсучаснасць будучага комплекса на 100 тысяч свіней у год. Нават слайды паказвае. Выступае Аркадзь нядоўга — людзі перабіваюць яго пытаннямі. Асноўнае — навошта будаваць гіганцкі свінакомплекс за 3 кіламетры ад горада.

«Мы разам з заказчыкам Маладзечанскі раён аб’ехалі, напэўна, не адзін раз. І вось набралася два ўчасткі. Мы ў першую чаргу бралі тыя, якія знаходзяцца на адлегласці не больш за кіламетр ад жылля», — апраўдваецца Аркадзь.

У зале рогат. І прапановы «пашукаць пляцоўку ў Драздах». Больш канструктыўныя грамадзяне прапануюць перанесці будаўніцтва ў Гомельскую ці Магілёўскую вобласць. Для жыхароў Маладзечна не сакрэт, што новы маладзечанскі мясакамбінат і свінафермы, якія збіраюцца для яго будаваць, сваю прадукцыю будзе пастаўляць у Расію.

З пачаткам другой гадзіны грамадскія слуханні канчаткова ператвараюцца ў пікіроўку з дзядзькамі ў касцюмах, якія занялі прэзідыум. Генадзь Актанаровічспрабуе ўтаймаваць людзей, у адказ чуе пра 380 ужо сабраных супраць будаўніцтва подпісаў. «Можна сабраць подпісы і за будаўніцтва!» — апраўдваецца чыноўнік. У адказ ізноў рогат і прапанова паспрабаваць.

Адчаяўшыся, Актанаровіч дае голас галёрцы: «Вось вы, мужчына ў чырвоным швэдры, скажыце вы».

Мужчынам у чырвоным швэдры аказваецца ільготнікам, які шмат гадоў стаяў у чарзе па ўчастак і два гады таму нарэшце яго атрымаў… акурат побач з месцам будучага свінакомплекса.

«Ёсць жа праекты развіцця горада. І калі я свой участак атрымліваў у 2012 годзе, мяне з планамі будаўніцтва свінакомплекса не пазнаёмілі. Я б не браў там участак, разумееце? Я яго зараз нікому ўжо не прадам», — гаворыць ён.

Актанаровіч у адказ прапаноўвае запісацца на прыём у райвыканкам. А жанчыне, занепакоенай тым, што вецер у бок горада дзьме акурат з боку будучага свінакомплекса, не адгароджанага нават лесапаласой, чыноўнік раіць у выпадку чаго «званіць у санстанцыю». У зале ізноў рогат, але прэзідыуму ўжо не да смеху.

Выступае эколаг з Мінска. Ён перакананы, што праект будучых свінакомплексаў Маладзечанскага раёна адпавядае ўсім нормам. Але нарываецца на дзяўчыну, якая прынесла падпісаную ім жа экспертызу па іншым свінакомплексе, ужо пабудаваным.

«Там парушаныя ўсе нормы, людзі скардзяцца, што смярдзіць, на брудную ваду, а вы і пра тое будаўніцтва таксама прыгожа гаварылі», — паведамляе яна зале. У адказ — «Падвох! Эколага пад суд!»

За небараку, якога людзі гатовыя проста цяпер браць пад ручкі і несці ў пастарунак, нарэшце спрабуе заступіцца дырэктар «Вялес-Міта» Іваноў.

«Я ні ў якім разе не дазволю будаўнікам не выканаць патрабаванні да будаўніцтва свінакомплекса. Гэта ж вельмі сур’ёзна. А наконт лесапаласы — гэта ўсё будзе будавацца», — пераконвае ён.

І нават раскрывае сакрэт — на сістэму ачысткі адходаў свінакомплекса плануецца выдаткаваць ажно 2 мільёны еўра. Іваноў таксама абяцае ўлічыць усе заўвагі і данесці свайму кіраўніцтву, абмеркаваць усё з уладамі. «Мы тут не проста так сабраліся», — пераконвае бізнесмен. Але пасля парадаў званіць у санстанцыю людзі не вельмі пераконваюцца. Яны спрабуюць даведацца ў чыноўнікаў, што можна зрабіць, каб свінакомплексы не будавалі. Адказу на гэтае пытанне, паўторанае разоў пяць рознымі людзьмі, чыноўнікі так і не даюць.

Агульны сэнс «слуханняў» з боку гараджан агучвае маладзечанскі інжынер. Спачатку ён расказвае, што ачышчальныя сістэмы для 100-тысячнага комплекса я каштаваць каля 7-8 мільёнаў еўра, а зусім не 2. І дадае, што канчаткова ачысціць адкіды ўвогуле немагчыма — вадкасць усё адно выльюць на найбліжэйшыя палі, адкуль яна трапіць у грунтовыя воды. А месца на ўскрайку горада выбранае, на думку інжынера, праз банальную зручнасць для будаўніцтва і мінімальныя лагістычныя затраты:

«Я разумею, што вы гэты ўчастак выбралі, бо побач ёсць газ, электрычнасць, дарога. І мне падаецца, што гэта вельмі дрэнна. Бо я там жыву. Знайдзіце іншае месца. Хай гэты свінакомплекс працуе. Але знайдзіце іншае месца. Гэтыя 50 тысяч свіней тут непатрэбныя. Гэта вельмі шмат. Нам не трэба тут столькі гаўна».

«Слуханні», якія месцамі нагадваюць народны бунт, у вялікай зале маладзечанскага райвыканкама цягнуцца амаль тры гадзіны. Завяршаюцца пытаннем у лоб намесніку кіраўніка райвыканкама Актанаровічу: «А вы як гараджанін хочаце, каб тут будавалі гэты свінакомплекс?» — «Я пакіну сваё меркаванне пры сабе», — кідае чыноўнік людзям і сыходзіць.

Нагода грамадскіх слуханняў: на пачатак 2015 года ў Маладзечанскім раёне запланаванае будаўніцтва двух свінакомплексаў «магутнасцю» 100 тысяч свіней у год. Адначасова на кожным з комплексаў плануецца трымаць каля 57 тысяч свіней. Заказчыкам будаўніцтва выступае беларуска-расійская кампанія «Вялес-Міт» (да чэрвеня 2014 года — «Трайпл-Вялес»). Адзін з комплексаў запланаваны на адлегласці 3 кіламетраў ад Маладзечна. Яшчэ адзін — на мяжы Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Жыхары горада і вёсак, якія знаходзяцца побач з месцам будучага будаўніцтва, сабралі ўжо каля 900 подпісаў супраць. Яны перакананыя, што праект складзены з парушэннямі беларускага заканадаўства і нанясе непапраўную шкоду экалогіі рэгіёна.

Канчатковае рашэнне аб пачатку будаўніцтва мясцовыя ўлады павінныя прыняць у найбліжэйшы месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?