Паводле дадзеных кітайскай інтэрнэт-кампаніі Alibaba, беларусы ўзялі актыўны ўдзел ва ўсталяванні чарговага рэкорду анлайн-гандлю.

У кітайскі Дзень халасцяка, 11 лістапада, інтэрнэт-кампаніі Паднябеснай ладзяць традыцыйныя грандыёзныя распродажы. Найбуйнейшы з тых, хто бярэ ўдзел у Дні халасцяка, — Aliexpress.com. За першыя 20 хвілін распродажаў на ім было накуплена тавараў на 2 мільярды даляраў.

Уладальнік Aliexpress, кампанія Alibaba, падвяла канчатковыя вынікі «кітайскай Чорнай пятніцы». Усяго за дзень было накуплена тавараў на 9,3 млрд даляраў. Гэта новы сусветны рэкорд анлайн-продажаў. Нават папярэдні рэкорд Aliexpress, 5,8 млрд даляраў за дзень у мінулым годзе, перавышае амерыканскія «Чорную пятніцу» і «Кіберпанядзелак» разам узятыя.

Першае месца па валавым аб’ёме пакупак і колькасці замоваў на Дзень халасцяка заняла ў гэтым годзе Расія. Следам за ёй па аб’ёме пакупак ідуць Бразілія, Ізраіль і Іспанія.

Беларусь мае пятае месца па валавым аб’ёме пакупак на Aliexress на Дзень халасцяка.

Следам за намі ідуць ЗША, Канада і Украіна. Сам Кітай не трапіў у дзясятку топ-пакупнікоў «кітайскай Чорнай пятніцы».

Сярод топ-пакупак з Расіі — MP3-плэеры, завушніцы, ніжняя бялізна, складская тара ды пухавікі. Па іншыя тавары прыходзілі амерыканцы: курткі, гальштукі, ланцужкі для ключэй, бранзалеты і сукенкі.

Найлепей на Дзень халасцяка прадаюцца кітайскія брэнды. Напрыклад, топ-брэнды сярод мабільных тэлефонаў — Xiaomi, Huawei і Meizu. Samsung ды Apple толькі на 4-ым і 5-ым месцах адпаведна. Але сярод спартовага адзення лідары — Adidas і Nike.

Грандыёзныя распродажы ладзяцца не толькі ў ЗША ці Кітаі — 27 лістапада ў Беларусі прайшла свая Чорная пятніца, дзе прадаўцы абяцалі зніжкі да 70%. Некаторыя пакупнікі наракалі на тое, што зніжкі на найбольш цікавыя групы тавараў не перавышалі 10—15%.

А чым Вы закупіліся на Чорную пятніцу і Дзень халасцяка?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?