Амаль тры тыдні каля 1.300 брытанскіх салдат удзельнічалі ў лістападзе ў сумесных з Польшчай вайсковых вучэннях «Чорны арол» на захадзе Польшчы, паведаміў афіцыйны сайт www.gov.uk.
Гэта самыя вялікія танкавыя вучэнні ў Усходняй Эўропе за апошнія 6 год, піша сайт.
Брытанскія і польскія жаўнеры на польскім танку Leopard 2.
«Вучэнні правераць хуткасць рэагавання, здольнасць да супрацы… падчас трэніровак танкавых і матарызаваных баявых адзінак», — паведаміў саюзны штаб сіл НАТА ў Еўропе ў пачатку лістапада.
Разам з брытанцамі — баявой групай танкавага палка Каралеўскіх гусараў — удзельнічалі ў вучэннях сілы 10-й польскай танкавай брыгады, узброенай танкамі Leopard 2. Асноўны баявы танк брытанскай арміі — Challenger 2.
Брытанскія танкі Challenger 2 падчас вучэнняў «Чорны арол».
На практыцы гэта азначае, што брытанцы трэніруюцца хутка ўступаць у маштабныя агульнавайсковыя баі — напрыклад, калі Расія вырашыць праверыць рашучасць заходніх краінаў абараніць сваіх хаўруснікаў па Паўночнаатлантычным альянсе.
Як і іншыя краіны НАТА, апошнія 10 год брытанцы ваявалі толькі з баевікамі-ісламістамі ў Іраке і Аўганістане. За гэты час генералы і афіцэры перасталі думаць пра буйныя танкавыя аперацыі і рыхтавацца да іх. Расійская агрэсія супраць Украіны ў Крыме і на Данбасе рэзка змяніла гэтую сітуацыю.





