Следчыя адмовілі сваякам Наталлі Сак у завядзенні крымінальнай справы. А медыкі выказалі версію, чаму дзяўчыне не зрабілі тамаграфію галавы.

20-гадовая Наталля Сак загінула ў канцы траўня пасля аварыі на веладарожцы. Дзяўчына сутыкнулася з 40-гадовым веласіпедыстам Юрыем Ч. Яна змагла падняцца на ногі, адказвала на пытанні. «Хуткая» даставіла Наташу ў сталічную бальніцу хуткай меддапамогі. А там не змаглі выявіць цяжкую траўму і адправілі пацыентку ў звычайную палату. Раніцай дзяўчыны не стала.

Блізкія загінулай звярнуліся ў праваахоўныя органы. Аказалася, што ў прыёмным пакоі Наташы не зрабілі нават тамаграфію галавы (так званае КТ).

Толькі ў пачатку снежня сталі вядомыя вынікі праверкі Следчага камітэта. Сваякам загінулай паведамілі, што ніхто не вінаваты і крымінальную справу не распачалі.

Юрый Ч., які сутыкнуўся з Наташай: Ехаў на веласіпедзе з хуткасцю 2 км/г

Пастанова аб адмове ў крымінальнай справе ад самага пачатку здзіўляе некаторымі момантамі. 40-гадовы Юрый Ч., які сутыкнуўся з Наташай Сак, паведаміў следчаму, што ў момант сутыкнення «ехаў накатам з хуткасцю ў пару кіламетраў за гадзіну». Пара кіламетраў - гэта 2 км/г. З такой хуткасцю шпацыруюць пешаходы. Адзначым, што ў межах праверкі праводзілася нават трасалагічная экспертыза, вывучаліся пашкоджанні на абодвух веласіпедах. Дарэчы, у выніку ўсёй карцінкі сутыкнення ўстанавіць так і не змаглі.

Але, відаць, не сам факт веласіпеднай аварыі стаў для дзяўчыны фатальным.

Пасля пералому костак чэрапа медыкі не заўважылі нічога падазронага.

Блізкія Наталлі Сак фатальным лічаць рашэнне ўрача-нейрахірурга Андрэя Т. з прыёмнага пакоя бальніцы. Там пацыентцы зрабілі ўсяго толькі рэнтген, які пералому чэрапа не паказаў. Хоць трывожныя званочкі заўважыў яшчэ фельчар, які прыехаў на месца веласіпеднай аварыі. «Страта прытомнасці і галюцынаторна-бязглуздыя выказванні», — так спасылаюцца на словы медыка з «хуткай» ў «Пастанове» следчага.

Ужо ў бальніцы доктар-нейрахірург Андрэй Т. выставіў Наташы папярэдні дыягназ: «Закрытая лёгкая чэрапна-мазгавая траўма, страсенне галаўнога мозгу, удар мяккіх тканак патыліцы». І адправіў у палату з пацыентамі, якія ішлі на папраўку. На справе, як паказала экспертыза, пашкоджанні дзяўчына атрымала сакрушальныя. Смерць, як паведамляецца, наступіла «ад закрытай чэрапна-мазгавой траўмы, якую суправаджаў пералом костак чэрапу, кровазліцця над мазгавымі абалонкамі і пад імі ў рэчыва галаўнога мозгу. Траўма ўскладнілася развіццём ацёку і змяшчэннем галаўнога мозгу…».

Дарэчы, Мінздароўя праводзіла у бальніцы хуткай дапамогі сваю праверку і ў крыўду сваю флагманскую лячэбную ўстанову не дало. Вось як следчаму патлумачылі, чаму ўрач меў права не рабіць Наталлі так званае КТ:

«Паводле загаду Мінздароўя №1110 камп’ютарная тамаграфія галаўнога мозгу з’яўляецца дадатковым метадам даследавання і праводзіцца па паказаннях - пацыентам, з узроўнем свядомасці 12 балаў і ніжэй (вымярэнні праводзяцца па так званай шкале комы Глазга, - Еўрарадыё). У Сак Н.В. пры паступленні было 15 балаў».

«Усё склалася супраць гэтай дзяўчынкі. Бамжам робяць КТ, а ёй не зрабілі…»

Блізкія Наталлі распавядалі пра тое, што гутарылі з пацыентамі палаты, дзе ляжала дзяўчына. З гэтай гутаркі яны зразумелі, што ў ноч перад смерцю за яе станам асабліва не назіралі. Было страчана зашмат часу. А калі раніцай Наталля «захрыпела», у рэанімацыі дзяўчыну не ўратавалі. 

Але ў «Пастанове» следчага пра допыты сведак з палаты размовы не вядзецца. Затое яшчэ адзін урач, які дзяжурыў у аддзяленні, паведаміў, што ў 6 гадзін 10 хвілін раніцы «паўторна аглядаў пацыентку». Паводле яго версіі, Наталлі мераўся ціск, яна была ў свядомасці, адказвала на пытанні, скардзілася на рвоту. А ў 8 раніцы да гэтага ж урача прыбегла медсястра і раптоўна паведаміла, што пацыентка ў коме.

Па волі лёсу ў злашчаснай палаце разам з Наталляй ляжала Л., якая ўсё жыццё прапрацавала ў медыцыне. Звязваемся з жанчынай і просім узгадаць, ці аглядаў Наташу доктар а шостай раніцы.

«Адназначна сцвярджаць складана. Тое, што доктар заходзіў, мераў ціск і размаўляў з пацыенткай а- хутчэй за ўсё, гэта не зусім адпавядае праўдзе. Я яго не бачыла, але і я магла спаць, — разважае Л. — Дзяўчынка, калі яе прывезлі, ні на што не скардзілася. Адзінае, што яна спачатку плакала, было ўражанне, што капрызнічае. Я падыходзіла да яе некалькі разоў, выклікала медсястру, тая ўводзіла ёй прэпараты. А потым я высвятляла, што здарылася з ёй у рэанімацыі. Траўма была, як кажуць, несумяшчальная з жыццём. Казалі, што адзіны шанц быў, калі б адразу з прыёмнага пакоя яе даставілі на аперацыйны стол. Але ўсё тады склалася супраць гэтай дзяўчынкі. Бамжам робяць КТ, а ёй не зрабілі…».

Яшчэ адна жанчына, А., прыйшла у палату а восьмай раніцы, каб адведаць хворую маці. Яе і напалохала тое, што Наталля дзіўна дыхае.

«Я прыйшла і пытаюся ў жанчын: «Даўно яна так храпе?» Адказваюць: «Так, даўно». І ніхто не прыходзіў, — узгадвае А. — Заходзіла толькі санітарачка, памяняла ложак і сышла. Ведаю, што жанчыны, якія былі ў палаце, давалі паказанні наконт таго, што ў палату не заходзілі».

Судова-медыцынскі эксперт: тамаграфія галавы не дапамагла б

Судова-медыцынскі эксперт абгрунтаваў тое, што дактары не маглі прадказаць бяду, якая здарылася з пацыенткай Сак. І тут усё складна. На думку эксперта, раніцай у Наталлі здарылася »крытычнае парушэнне стану». А што тычыцца тамаграфіі галавы, то такое даследаванне, паводле логікі эксперта, нічым бы не дапамагло: «Не выкананае КТ не паўплывала б на тактыку вядзення пацыенткі Сак у сувязі з адсутнасцю ачаговай і значнай агульнамазгавой сімптаматыкі». 

Зрэшты, праверка па факце гібелі Наталлі Сак дагэтуль не завершана. Ужо некалькі месяцаў цягнецца так званая судова-медыцынская экспертыза якасці аказання медыцынскай дапамогі. На момант падрыхтоўкі матэрыялу ў Следчым камітэце нам не змаглі паведаміць пра вынікі экспертызы з-за загрузкі супрацоўнікаў. Але, улічваючы «Пастанову», якую атрымалі блізкія Наталлі Сак, пра нейкія парушэнні ў бальніцы хуткай меддапамогі мы так і не пачуем.

Сумная гісторыя з гібеллю Наташы — толькі адзін са скандалаў гэтага года ў беларускай медыцыне. За дні да сутыкнення веласіпедыстаў у Мінску трагедыя здарылася ў брэсцкім філіяле медцэнтра «ЛАДЭ». Дзяўчына прыйшла на прыём да гінеколага, і пасля ўвядзення не названага пакуль прэпарата яна загінула праз анафілактычны шок. Днямі стала вядома пра выпадак на Віцебшчыне. 11-гадоваму хлопчыку няўдала наклалі гіпс і не адрэагавалі належным чынам на скаргі маленькага пацыента. У выніку дзіцяці ампутавалі левую руку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?