Валер Цэпкала ў авальнай залі. Фота: Антон Калашнікаў

Валер Цэпкала ў авальнай залі. Фота: Антон Калашнікаў

Валер Цэпкала прадставіў у Авальнай зале змены і дапаўненні ў дэкрэт прэзідэнта аб стварэнні Парка высокіх тэхналогій васьмігадовай даўніны.

Прадстаўлены на разгляд палаты прадстаўнікоў дэкрэт прэзідэнта расшырае сферы дзейнасці ПВТ — новымі напрамкамі стануць мікра-, опта- і нанаэлектроніка, мікраэлектрамеханіка, мехатроніка, перадача звестак, радыёлакацыя, радыёнавігацыя і радыёсувязь, а таксама дзейнасць па абароне інфармацыі.

Падставай для ўключэння ў ПВТ і атрымання падатковых ільгот стане дзейнасць, сумежная з распрацокай праграм і інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі.

Рэзідэнтам ПВТ дэкрэт дазваляе дзейнасць у сферах кансалтынгу, аўдыту, абслугоўвання дзяржаўных інфармацыйных сетак, стварэння базаў звестак, стварэння і суправаджэння карпаратыўных інфармацыйных сістэм.

«Мы моцна выраслі, стартаваўшы практычна з нуля. Па меры развіцця знаходзіліся перашкоды, што заміналі нам развівацца тымі жа тэмпамі»,

— патлумачыў патрэбу ў зменах Цэпкала. 

Кажучы аб дзейнасці ў галіне абароны інфармацыі, Цэпкала спаслаўся на папярэдняга выступоўцу, галаву КДБ. Апошні скардзіўся на кіберзлачынствы, што сталі «штодзённай рэчаіснасцю», а таксама распавядаў пра «кібервойскі», якія ў пэўных краінах выконваюць не столькі абарончыя, колькі наступальныя функцыі.

«Калі мы пачнем адчуваць ПВТ унутры нашай краіны?»

— спытаў у галавы ПВТ дэпутат Валер Барадзеня. Сёння каля 88% прадукцыі ПВТ ідзе на экспарт, а беларускія прадпрыемствы нярэдка закупаюць замежнае праграмнае забеспячэнне, якое магло быць распрацаванае і ў Беларусі.

Цэпкала пацвердзіў, што сярод замоўцаў ПВТ пераважна замежнікі (зараз рэзідэнты ПВТ сярод іншага працуюць над электронным урадам Арабскіх Эміратаў).

Паводле яго словаў, у ПВТ могуць распрацаваць любы праграмны прадукт — хіба апроч новай аперацыйнай сістэмы, бо «так гістарычна склалася, што дзве буйныя, выдатныя аперацыйныя сістэмы былі распрацаваныя ў ЗША і ўсе да іх звыклі, хаця многія распрацоўвалі нічым не горш».

Але ўсё ўпіраецца ў пытанне: хто за гэта будзе плаціць?

ПВТ сочыць за тым, каб беларускія прадпрыемствы закупалі айчынны прадукт і намагаецца «адлоўліваць» тэндэры. Але «адлавіць» выходзіць не заўсёды — Галава Парка мякка намякнуў на карупцыю.

Унёсак Парка ў валавы унутраны прадукт ужо большы, чым у МАЗа, МТЗ, БелАЗа і «Гомсельмаша» разам узятых

, сцвярджае Цэпкала. Тэмпы развіцця IT у Беларусі на парадак хутчэйшыя за сусветныя. Стратэгія ПВТ — падтрымка IT-бізнэсаў, дзеля гэтага ў бліжэйшыя месяцы будзе збудаваны бізнэс-інкубатар. 

«Мы ствараем экасістэму, пры якой у Беларусі могуць з’явіцца вялікія IT-карпарацыі», — сказаў Цэпкала. Ён мяркуе, што такія ёсць і сёння: Wargaming і Viber.

Беларускія праграмісты ўжо каштуюць як іх калегі з Масквы ці Берліна, а часам і даражэй за калег з ЗША?

кажа Цэпкала. Некалі таннасць паслуг мела ролю ў развіцці IT у Беларусі, але цяпер на першы план выйшаў іншы фактар.

Ён мяркуе, што самая вялікая каштоўнасць у любой постсавецкай краіне — дзець, якіх бацькі матывавалі «выйсці ў людзі». Беларусы недаацэньваюць гэты фактар, тым часам як Кітай, В’етнам ці Малазія ламалі галаву над тым, як прымусіць дзяцей вучыцца, калі пачыналі мадэрнізацыю.

ПВТ не збіраецца распаўсюджваць дзейнасць на іншыя галіны эканомікі апроч IT,

распавёў Цэпкала. Хаця восем год таму падобныя планы былі, зараз ён лічыць гэта немэтазгодным. 

Мэта ПВТ — сусветнае лідарства. А калі укладаць грошы ў нанатэхналогіі ці альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, то «будзем моцным сярэднячком паўсюль, але ніколі не будзем сусветным лідарам». Паводле яго слоў, увесь свет зараз практыкуе кластарны падыход.

У Крэмніевай даліне не прамаўляюць назву «Парк высокіх тэхналогій», але брэнд «беларускі праграміст» ужо ведаюць, упэўнены дырэктар ПВТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?