Дэниэл Крэйг у ролі Джэймса Бонда.
Дваццаць чацвёрты фільм «бандыяны» атрымае назву «СПЕКТР». Менавіта так (SPECTRE — Special Execetuve for Counter-intelligence, Terrorism, Revenge, and Extortion) называецца тэрарыстычная арганізацыя ў класічных фільмах пра Агента 007.
Рэжысёрам фільма стане Сэм Мэндэс, які здымаў папярэднюю частку «бандыяны» — «Каардынаты Скайфол». Мэндэс — уладальнік «Оскара» як лепшы рэжысёр за фільм «Прыгажосць па-амерыканску».
У стужцы з'явяцца акцёры з папярэдніх частак: Рэйф Файнс, Наомі Харыс і Бэн Уішоў. Сярод новых твараў — Моніка Белучы, Эндру Скот (Марыярці з серыяла «Шэрлак»), Крыстаф Вальц («Бясслаўныя вырадкі», «Джанга вызвалены»), Дэйв Батыста (Дракс Разбуральнік у «Вартаўніках галактыкі») і твар духоў Prada Candy Леа Сэду («Місія невыканальная: Пратакол Фантом», «Красуня і пачвара»).
Белучы і Сэду стануць дзяўчынамі Бонда, Вальц стане класічным галоўным злодзеем, а Батыста — яго памагатым.
Аўтамабілем Бонда стане мадэрновы Aston Martin DB10.
Здымкі стартуюць 8 снежня. Сусветная прэм’ера прызначаная на 6 лістапада 2015 года.
Папярэдні фільм «бандыяны», «Каардынаты Скайфол», набраў у пракаце 1,1 млрд даляраў пры бюджэце ў 200 млн.





