На сайце Нацыянальнага банка Беларусі з'явіліся выявы манеты з серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы» з выявай Канстанціна Астрожскага. Калекцыйныя манеты былі ўведзеныя ў зварот яшчэ 24 лістапада. Аднак, паколькі іх адбівалі на казахскім манетным двары ў Усць-Каменагорску, рэальнае з'яўленне ў продажы плануецца на другую дэкаду снежня.

Як паведамляла раней НН, усяго адбіта пяць тысяч манет.

Дзве тысячы з іх — са срэбра (сплаў 925) наміналам 20 рублёў. Астатнія зроблены з медна-нікелевага сплаву. Яны маюць меншыя дыяметр і намінал — 1 рубель.

На аверсе манеты змешчаны дзяржаўны герб Беларусі, намінал манеты, а таксама выявы пергамента з пячаткай і булавы — сімвала гетманскай улады. Рэверс аздоблены партрэтам Канстанціна Астрожскага і фамільным гербам.

Срэбраная манета з Астрожскім будзе каштаваць каля 325 тысяч, а медна-нікелевая — да 10 тысяч рублёў.

Сімвалічна, што манеты з гетманам з'яўляюцца ў юбілейны год Аршанскай бітвы — 500 гадоў таму, 8 верасня 1514, войска ВКЛ пад загадам гетмана Астрожскага разбіла ўтрая большыя палкі маскоўскіх захопнікаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?