Каля 10 тысяч стужачак з беларускім арнаментам раздалі 6 снежня прахожым на вуліцах Мінска. Акцыю «Пазнач сябе беларусам» арганізавала суполка моладзі «Арт-Сядзіба».

Каля 100 валанцёраў у двух дзясятках пунктаў сталіцы раздалі да пяці кіламетраў стужкі з нацыянальным арнаментам. 

Раздача беларускіх стужачак цэнтры Мінска, каля Макдональдса на Кастрычніцкай і каля Макдональдса, што на Нямізе, у адрозненне інцыдэнту на Камароўцы, прайшла без здарэнняў, людзі ахвотна бралі стужкі з беларускім арнаментам.

Стужкі раздалі за 40 хвілін, міліцыя хадзіла побач, але пытанняў не задавала.

Уладзіслаў (14 год), школьнік, даведаўся праз сацсеткі пра акцыю і вырашыў запісацца ў валанцеры. «Мой бацька кажа заўседы, што трэба аб'ядноўвацца, таму я тут», — кажа Уладзіслаў.

Кацярына і Ната навучаюцца ў гандлёвым каледжы і адмыслова прыехалі на Нямігу, каб узяць адразу 10 стужак.

«Нацыянальны арнамент цяпер — гэта модна, кажа адна з дзяўчат. — У мяне самой есць завушніцы з Каліноўскім. Вось, узялі сабе стужак, будзем у групе раздаваць».

Антось, 27 год, прыехаў з Маладзечна, каб узяць удзел у акцыі. Беспрацоўны, цяпер вучыцца на курсах тынкоўцы.

«Я прыехаў а першай на Арт-сядзібу па стужкі, і іх там ужо было няшмат. Я ўзрадаваўся, што так хутка разабралі, значыць, есць цікавасць. А 2-й пайшоў з плошчы Коласа да Купалаўскага сквера, і па дарозе раздаў усе. Першымі сустрэлася парачка маладых людзей, на від вельмі інтэлігентных, і я падышоў да іх, каб даць стужку, а яны на мяне паглядзелі здзіўлена і адмоўна заматалі галовамі. Але ў прынцыпе людзі рэагавалі пазітыўна. Я яшчэ якраз учора перагледзеў фільм «Майдан» Лазніцы, і гэта ўзняло мой настрой, бо калі ўкраінцы змаглі, то і мы зможам».

Ён дадаў, што міліцыя да яго не чаплялася, ну і ён сам акуратна сябе паводзіў, глядзеў па баках, бо ён «страляны верабей».

Людміла, 29, вольны вандроўца. Даўно не была на радзіме, жыла ў Крыме, а цяпер там халодна і немагчыма зарабіць грошы, вярнулася ў госці да мамы.

Людміла кажа, што ёсць тыя, хто бярэ шмат адразу для сябе і сяброў, а ёсць тыя, хто пужаюцца, думаюць, што трэба плаціць грошы. Нават бываюць не беларусы трапляюцца, кажа Людміла, якія з радасцю падтрымліваюць. Яна раздае з сябрамі, якія разам з ей прыехалі з Крыма. «Такая ў нас інтэрнацыянальная каманда», — кажа яна.

Людміла пайшла ў Макдональдс грэцца і працягвае раздаваць стужкі тут. «Далучайцеся да акцыі, гэта бясплатна», - кажа яна.

Сям'я, што стаіць у чарзе, бярэ па адной,  А пасля мужчына падыходзіць і кажа: а дайце мне яшчэ адну

Лёша і Павел, таксама падышлі па стужку: «Дай узгадаю… Гэта сімволіка працы… Арнамент — гэта арнамент рабочых беларускіх, я чытаў недзе. Дома павешу куды-небудзь, на кухні, каб усе бачылі».

Віка, Даша, Карына. «Мы тут, бо мы неабыякавыя беларускі», — кажуць яны.

Некаторыя адмаўляюцца браць, але большасць ахвотна забірае стужкі, нехта кажа: «О, я бачыў у сябра, але ў мяне няма яшчэ, дайце стужку». 

Адна з дзяўчатаў вучыцца ў БНТУ, другая — у Акадэміі мастацтваў, трэцяя — школьніца. Прахожыя кажуць дзяўчатам, што яны — малайчынкі.

Праўда, калі прапанавалі дзяўчаты стужкі жанчынам у футрах, то тыя наадрэз адмовіліся.

Вось іншыя прахожыя тэлефануюць і прыходзяць па стужкі, але адказваюць па-руску «Спасібо».

Затое кітайцы бяруць стужкі і кажуць па-беларуску «Дзякуй».

Яраслаў і Лена — студэнты з Харкава, прыехалі ў Мінск на 5 дзён.

«У нас зараз ва Украіне вельмі моцна актывізавалася гэта ўсе — нашы колеры, нашы сцягі. Убачылі стужкі на вуліцы, вырашылі падысці, забярэм з сабой і будзем насіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?