Разгляд спраў арыштаваных 11 снежня ў Італіі фанатаў футбольнага клуба «Дынама» (Мінск) адбудзецца 15 чэрвеня 2015 года, паведаміў беларускі МЗС на сваёй старонцы ў твітары.

«Правамернасць арышту заўзятараў органамі правапарадку 11.12 суд пацвердзіў, але з прычыны адсутнасці сацыяльнай небяспекі яны вызваленыя… Як паведаміў супрацоўнік амбасады з залы суда, беларускія заўзятары могуць пакінуць тэрыторыю Італіі… Паколькі абвінавачванне настойвае на наяўнасці доказаў правапарушэння, новае судовае паседжанне прызначанае на 15.06.2015», — растлумачыў МЗС.

Супрацоўнік консульскага аддзелу беларускай амбасады ў Італіі быў накіраваны ў Фларэнцыю для аказання консульскай дапамогі затрыманым. Ён прысутнічаў у мясцовым Палацы правасуддзя, дзе 12 снежня разглядаліся справы фанатаў. Быў забяспечаны пераклад.

Усяго перад матчам Лігі Еўропы «Фіярэнціна» (Фларэнцыя) — «Дынама» (Мінск) быў затрыманы 61 заўзятар каманды гасцей. 48 з іх забаронена наведванне футбольных матчаў на тэрыторыі Італіі на працягу пяці гадоў. Астатнім 13 пагражае больш суровае пакаранне.

Інцыдэнт адбыўся пасля таго, як беларускія фанаты, якія сабраліся ў адным з фларэнтыйскіх пабаў, адмовіліся сесці ў аўтобусы, якія павінны былі іх даставіць на стадыён, і паспрабавалі правесці шэсце па вуліцах горада. У выніку сутыкненняў пацярпелі шэсць карабінераў, адзін афіцэр паліцыі і некалькі фанатаў.

Усяго на гульню прыбыло больш за 220 фанатаў «Дынама». Матч завяршыўся сенсацыйнай перамогай беларускага клуба - 2:1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?