Калі раней пульхныя шчочкі і жывоцікі выклікалі ў бабуль-партызанак гонар ды замілаванне, то сёняшняе пакаленне маладых бацькоў пачынае непакоіцца з нагоды дзіцячага атлусцення.

І хоць памеры катастрофы пакуль непараўнальныя з тымі ж Злучанымі Штатамі, але дзеці з лішняй вагой усё часцей трапляюцца нам на вуліцах, у школах і нават дзіцячых садках. Здавалася б, праблемы вырашаюцца проста: менш трэскаць булак і часцей гуляцца з мячом альбо бегаць па двары з сябрамі. Але навукоўцы капаюць глыбей. Вось і папулярны жарт «лепей пераесці, чым недаспаць», аказваецца, і не жарт зусім.

The Journal of Pediatrics публікуе даследванні прафесаркі Карэн Бонак, якія звязваюць парушэнні сну і падлеткавае атлусценне.

Калі вашае дзіця спіць мала, альбо мае праблемы з дыханнем у сне (храп, апноэ) – яно можа сутыкнуцца з атлусценнем яшчэ ва ўзросце да 15 год.

Прааналізаваўшы анкеты бацькоў, даследчыкі ўбачылі: дзеці, якія мелі праблемы з дыханнем у сне ва ўзросце 5-6 год, удвая часцей пакутавалі на атлусценне ў падлеткавым узросце і мелі значна вышэйшую рызыку па такіх захворваннях, як дыябет. Такая ж небяспека падсцерагала дзяцей, якія ў 5-6-гадовым узросце значна недасыпалі. Але вось што цікава! Недасыпанне ў старэйшым узросце такіх катастрафічных наступстваў не мела. Але пры наяўнасці абодвух згаданых фактараў рызыка атлусцення значна падвышалася.

Даследаванні паказалі, што на недасыпанне пакутуюць ад 25 да 50 % дашкольнікаў. Дактары кажуць пра неабходнасць падтрымліваць звычкі здаровага сну, падкрэсліваюць істотнасць лячэння альбо аператыўнага выдалення адэноідаў. А бацькам варта клапаціцца не толькі пра якаснае харчаванне ды актыўнае баўленне часу, але і пра рэжым дня дашкольнікаў ды малодшых школьнікаў, каб потым не мець перад сабой замест немаўляткі-калабочка няшчаснага атлусцелага падлетка з процьмай комплексаў і перспектывай цэлага букета хранічных хвароб. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?