minsknews.by

minsknews.by

Грамадзяне не павінны хадзіць у аптэку як у краму, заявіў у эфіры праграмы «Тыдзень» тэлеканала СТБ увечары 14 снежня міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко, каментуючы прэтэнзіі грамадства да новаўвядзенняў ведамства.

«Мы ўвялі толькі адна навінку — захоўванне рэцэпту ў аптэцы на працягу аднаго месяца. Мы абмежавалі самалячэнне, бо ўбачылі: грамадзяне ў аптэку пачалі хадзіць як у краму. Дома ў кожнага — цэлыя аптэчныя кіёскі.

Лячыць павінен ні правізар у аптэцы, ні сусед, ні сваяк, ні інтэрнэт, лячыць павінен доктар — гэта яго прамы абавязак», — заявіў міністр.

Паводле яго слоў, атрымліваецца, што доктар не можа пракантраляваць і прызначыць лячэнне, можа трэба ўнесці карэктывы.

Жарко адзначыў, што ў мінулым годзе рынак лекавых сродкаў у Беларусі павялічыўся на 170 млн. «У нас што, настолькі больш стала грамадзян? Захворванняў стала болей? Няма ні аднаго, ні другога», — канстатаваў міністр аховы здароўя.

Адказваючы на пытанне, што рабіць хранічнаму пацыенту, які прымае адзін і той жа прэпарат 20-30 гадоў, напрыклад, ад высокага ціску, кіраўнік Міністэрства аховы здароўя растлумачыў: «У нас два гады практыка для асоб, якія маюць льготы па водпуску лекавых сродкаў, дазваляе выпісваць рэцэпты да паўгода, у залежнасці ад дыягназу. І тое ж самае для хранічных хворых. Доктар мае права выпісаць шэсць рэцэптаў», — расказаў міністр.

На яго думку, нават безрэцэптурныя лекі павінен прызначаць доктар.

Міністр таксама паведаміў, што і дзяржаўныя, і прыватныя аптэкі арыентаваны на выдачу ў крайніх выпадках, у выглядзе выключэння рэцэптурных сродкаў без рэцэптаў з фіксацыяй дадзеных чалавека, які набыў прэпарат. «Галоўнае, каб гэта не было сістэмай», — адзначыў ён.

Проста падчас інтэрв'ю Жарко без усялякага абследавання выпісаў па просьбе карэспандэнта СТВ яму рэцэпт на прэпарат ад высокага ціску. Рэцэпт міністр пісаў паўтары хвіліны.

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя заявіў, што пераканаў Лукашэнку ў тым, што рашэнне, прынятае міністэрствам, было правільным.

Нагадаем, што прымаючы Жарко 9 снежня, Лукашэнка заявіў, што Міністэрства аховы здароўя не павінна баяцца прызнаць, калі з прыняццем рашэння аб новым парадку водпуску лекавых сродкаў у аптэках была зробленая памылка.

«І калі вы ажыццяўляеце нейкія дзеянні, вы ж спачатку людзям раскажыце. І адначасова! А не потым, калі ўсе людзі ў чэргі сталі і штурмуюць аптэкі і паліклінікі».

«Гэтая ваша вядомая пастанова, якая, як мне здалося, выклікала буру эмоцый у нашым грамадстве. Людзі пачалі скардзіцца, што міністэрства займаецца не тым, чым трэба, Міністэрству аховы здароўя трэба заняцца ўмовамі лячэння і гэтак далей і гэтаму падобнае, а не ўстанаўленнем нейкіх бюракратычных перашкод», — сказаў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што папрасіў як асобных урачоў расказаць пра сітуацыю, так і даручыў Інфармацыйна-аналітычнаму цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта правесці даследаванне ў грамадстве.

«Людзі настроеныя вельмі негатыўна! І нельга супрацьпаставіць іх меркаванню нічога! — падкрэсліў ён.

— Дапусцім, навошта гэта было ўводзіць напярэдадні рознага кшталту вірусаў, эпідэмій, вострага перыяду захворвання? Нагрузка на ўрачоў павялічылася пры выпісцы. І шмат іншых пытанняў і праблем».

«Вы мне гаворыце аб тым, што хтосьці там лабіруе гэтыя працэсы, камусьці не падабаецца, у сродках масавай інфармацыі ўздымаюць пытанні, а на самай справе прынята правільнае рашэнне. Я не выключаю, што камусьці гэта не падабаецца. І гэта ў нас заўсёды бывае», — заявіў Лукашэнка.

На яго думку, бізнесмены, уласнікі аптэк і гэтак далей «укідваюць у сродкі масавай інфармацыі свае незадавальненні». «Так, на гэта трэба рэагаваць, трэба, каб валюта ў краіне заставалася і іншае. Але трэба рабіць гэта разумна, каб не ствараць праблем людзям», — адзначыў 9 снежня афіцыйны лідар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?