president.gov.by

president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 15 снежня падпісаў дэкрэт нумар 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый».

Дакумент накіраваны на выкараненне безгаспадарчасці, умацаванне вытворча-тэхналагічнай, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, а таксама спыненне фактаў працаўладкавання нядобрасумленных кіраўнікоў на новую кіруючую пасаду.

Так, на кіраўнікоў арганізацый дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці дэкрэтам ускладаецца персанальная адказнасць за забеспячэнне вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, належнае ўтрыманне будынкаў, памяшканняў і абсталявання, захаванне ўмоў працы работнікаў.

Пры невыкананні патрабаванняў кіраўнік будзе прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення. Гэтыя дадатковыя крытэрыі ацэнкі работы кіраўніка будуць улічвацца пры яго атэстацыі і пры прыняцці рашэння аб прадаўжэнні з ім кантракта.

Адначасова з устанаўленнем адказнасці кіраўнікоў прадугледжваецца надзяленне іх дадатковымі правамі, якія даюць магчымасць забяспечыць належную вытворчую і працоўную дысцыпліну, аператыўную рэалізацыю прымаемых кіраўніцкіх рашэнняў.

У прыватнасці, кіраўнікі арганізацый атрымаюць права змяняць істотныя ўмовы працы работніка ў сувязі з абгрунтаванымі вытворчымі, арганізацыйнымі або эканамічнымі прычынамі, папярэдзіўшы работніка не менш як за 7 каляндарных дзён (цяпер устаноўлены месячны тэрмін папярэджання). Змяншэнне тэрміну папярэджання дасць магчымасць больш аператыўна змяняць умовы працы работнікаў (напрыклад, рэжым рабочага часу або сістэму аплаты працы), а значыць больш хутка рэагаваць на змяненне кан'юнктурных і знешніх фактараў.

Кіраўнік зможа прымяняць да работнікаў, якія парушылі дысцыпліну, у якасці самастойнай меры дысцыплінарнага спагнання дэпрэміраванне на тэрмін да дванаццаці месяцаў (згодна з дзеючымі правіламі мерамі дысцыплінарнага спагнання з'яўляюцца заўвага, вымова і звальненне). Увядзенне матэрыяльнага віду дысцыплінарнага спагнання дасць магчымасць больш гібка рэагаваць на дапушчаныя работнікам парушэнні, павысіць працоўную дысцыпліну і будзе з'яўляцца больш дзейснай мерай дысцыплінарнага ўздзеяння, чым вымова і заўвага. Прымяняцца дэпрэміраванне будзе ў адносінах да ўжо назначаных прэмій.

Таксама кіраўнік арганізацыі зможа неадкладна адхіляць работнікаў ад работы ў выпадку ўчынення імі дысцыплінарных правіннасцей, што прывялі або могуць прывесці да прычынення арганізацыі страты.

Гэта мера дасць магчымасць аператыўна спыніць любое парушэнне дысцыпліны і, такім чынам, не аплачваць перыяд, на працягу якога работнік быў адхілены ад работы.

Кіраўнік атрымае права звальняць работнікаў, якія дапусцілі парушэнне дысцыпліны, што прывяло да прычынення арганізацыі страты ў памеры, які перавышае тры сярэднямесячныя заработныя платы па рэспубліцы (з адначасовым паведамленнем прафсаюзу).

Увядзенне гэтай падставы звальнення дасць магчымасць павысіць дысцыпліну працы і беражлівае стаўленне работнікаў да давераных сродкаў вытворчасці. Памер прычыненай страты, што будзе з'яўляцца падставай для звальнення, даволі высокі і сёння складае каля Br19 млн. Магчымасць звальнення работніка па гэтай падставе з'яўляецца правам кіраўніка, а не яго абавязкам.

Акрамя таго, кіраўнік арганізацыі зможа ўтрымліваць з заработнай платы работніка ў лік пакрыцця страты, прычыненай па віне работніка, да трох яго сярэднямесячных зарплат без падачы іска ў суд (цяпер наймальнік мае права ўтрымліваць страту ў памеры адной сярэднямесячнай зарплаты).

Гэта прадаставіць наймальніку больш гібкі інструментарый пакрыцця страт ад нанесенай работнікам шкоды, сэканоміць часавыя і фінансавыя выдаткі. Пры гэтым за работнікам захоўваецца права абскардзіць прынятае наймальнікам рашэнне ў судовым парадку.

Кіраўнік будзе мець права ўстанаўліваць работніку, які не дапускае парушэнняў дысцыпліны, дадатковыя выплаты стымулюючага характару без абмежавання іх памеру за кошт прыбытку.

У дэкрэце замацоўваецца пералік дыскрэдытуючых абставін звальнення, у адпаведнасці з якімі працоўныя дагаворы (кантракты) могуць быць скасаваны кіраўніком да завяршэння тэрміну іх дзеяння. Пералік з'яўляецца вычарпальным і ўключае ўсе існуючыя ў заканадаўстве падставы звальнення, звязаныя з неналежным выкананнем працоўных абавязкаў.

За ўтойванне дыскрэдытуючай падставы звальнення работніка (напрыклад, звальненне «па пагадненні бакоў» работніка, які ўчыніў п'янку на рабочым месцы) кіраўнікі будуць прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення.

Дакументам таксама ўводзяцца забароны і абмежаванні пры назначэнні на кіруючыя пасады асоб, звольненых па дыскрэдытуючых абставінах.

У прыватнасці, устанаўліваецца забарона назначэння на пасады, уключаныя ў кадравыя рэестры кіраўніка дзяржавы, урада, аблвыканкамаў (Мінгарвыканкама), раённых, гарадскіх выканкамаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, асоб, звольненых па дыскрэдытуючых абставінах, на працягу пяці гадоў з дня такога звальнення.

Назначэнне такіх асоб (на працягу пяці гадоў пасля звальнення па дыскрэдытуючых абставінах) на іншыя кіруючыя пасады ў арганізацыі дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці будзе ажыццяўляцца са згоды раённага, гарадскога выканкама, мясцовай адміністрацыі.

Такое ўзгадненне будзе ажыццяўляцца на падставе інфармацыі аб кандыдаце, у тым ліку прадстаўлення матываванага хадайніцтва арганізацыі і прыкладзеных да яго характарыстык з папярэдніх месц работы за апошнія пяць гадоў.

За парушэнне прадугледжанага дэкрэтам парадку назначэння на кіруючыя пасады, адмову ў выдачы або парушэнне тэрмінаў выдачы характарыстык кіраўнікі будуць прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення. Пры гэтым асоба, назначаная на пасаду з парушэннем патрабаванняў дэкрэта, будзе падлягаць безумоўнаму звальненню ў сувязі з парушэннем устаноўленых правіл прыёму на работу.

Уводзімыя дакументам патрабаванні будуць распаўсюджвацца на работнікаў і кіраўнікоў як дзяржаўных, так і прыватных арганізацый.

Дэкрэт уступае ў сілу з 1 студзеня 2015 года

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?