Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП) прапаноўвае абмежаваць продаж алкаголю ў Беларусі. Партыя падрыхтавала шэраг адпаведных прапаноў, якія накіроўвае ў Мінгарвыканкам і Савет міністраў, паведамляе прэс-служба ЛДП.

15 снежня на аператыўнай нарадзе старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац даручыў абмежаваць рэжым працы і час продажу спіртных напояў у сетцы сталічных міні-кафэ «Хутка-смачна». Такое рашэнне ён прыняў, заслухаўшы даклад начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Барсукова аб парушэннях у гэтых гандлёвых аб'ектах.

Ліберал-дэмакраты заяўляюць, што падтрымліваюць гэтае рашэнне як «правільны крок у барацьбе з дэалкагалізацыяй насельніцтва».

«ЛДПБ гатовая падтрымаць усе пачынанні кіраўніцтва горада ў гэтым кірунку, — гаворыцца ў паведамленні партыі. — У сваю чаргу мы прапаноўваем шэраг мер, прыняцце якіх дазволіць істотна палепшыць сітуацыю. Мы разумеем, што аднымі забаронамі праблему не вырашыць, патрэбны комплекс мер — выхаваўчых, ідэалагічных, прафілактычных».

Беларусы з дзяцінства павінны разумець, што «піць спіртное — гэта дрэнна» і «не модна», а «моцны духам і разумны чалавек — гэта цвярозы чалавек». «Але як гэта магчыма, калі, увайшоўшы ў магазін, першае, што мы бачым, — мноства паліц з багатым выбарам бутэлек з прыгожымі разнастайнымі налепкамі і цэнамі. Любы падлетак, любое дзіця ў нашым магазіне зробіць выснову — піць модна, добра, крута».

У сувязі з гэтым ліберал-дэмакраты прапанавалі прадаваць алкаголь толькі ў спецыяльна адведзеных пад гэтыя мэты гандлёвых аб'ектах. Пакуль такіх няма, ЛДП лічыць мэтазгодным рэалізоўваць алкагольную прадукцыю ў спецаддзелах магазінаў, уваход у якія для непаўналетніх будзе забаронены.

Апрача таго, у партыі лічаць неабходным абмежаваць продаж спіртных напояў у начны час, а таксама адкрываць толькі тыя кругласутачныя магазіны, дзе алкаголь наогул прадавацца не будзе. «Катэгарычна забараніць адкрыццё такіх магазінаў у жылых дамах, таму што гэта нараджае злачыннасць і стымулюе спажыванне спіртнога. Недапушчальная крокавая даступнасць алкаголю», — гаворыцца ў паведамленні ліберал-дэмакратаў.

У ЛДП таксама прапаноўваюць у дзесяціразовым памеры ўзмацніць адміністрацыйную адказнасць за продаж спіртнога непаўналетнім, аж да пазбаўлення ліцэнзіі на рэалізацыю гэтай прадукцыі пры паўторным парушэнні. Забарона на продаж непаўналетнім павінна, на іх думку, таксама распаўсюджвацца на энергетычныя напоі.

Апрача таго, мяркуюць у партыі, трэба «канчаткова забараніць прамую ці ўскосную рэкламу спіртных напояў у любым выглядзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?