Некалькі дзен таму ў Фэйсбуку вядомага драматурга Андрэя Курэйчыка з’явіўся наступны запіс: «Мне распавялі, што спадар Сяргей Ждановіч, які ўжо развёў краіну на некалькі мільёнаў даляраў, цяпер ходзіць і распавядае, што для таго, каб выпусціць эпічны фільм «Мы браты» — «Авель» у пракат на 800 копіях, яму трэба яшчэ 2 мільёны долараў! Уаў! А для выпуску ў МІЖНАРОДНЫ пракат ЯШЧЭ МІНІМУМ дзясятку! ДЗЕСЯЦЬ МІЛЬЁНАЎ ДОЛАРАЎ!».
Сяргей Ждановіч, кіраўнік кінакампаніі «Nonstop Media» і прадзюсар стужкі «Мы, браты» (былы «Авель») пагадзіўся адказаць на абвінавачванні свайго калегі па цэху і распавесці пра сваё бачанне нацыянальнага кінапраекта.
Сяргей Ждановіч — першы справа.
Наша Ніва: Андрэй Курэйчык сцвярджае, што вы хочаце выбіць з дзяржавы яшчэ 2 мільены долараў на тое, каб выпусціць пракатныя копіі. Гэта праўда?
Сяргей Ждановіч: Мне ўжо паказалі гэты запіс. Гэта паклёп. У межах кантракта, які мы падпісалі, Мінкульт даў нам пэўную суму грошай, і ні на капейчыну больш мы разлічваць ужо не можам. А цяпер мы займаемся постпрадакшнам у ЗША за грошы кампаніі «Нонстоп-медыя».
НН: А чаму ў ЗША?
СЖ: Усе проста — каб задаволіць нашых дыстрыб’ютараў. У іх былі ўмовы, што калі мы давядзём якасць да той, якая іх задаволіць, стужку купяць. І цяпер стужка задавальняе і беларускае Міністэрства культуры, і амерыканскіх дыстрыб’ютараў.
НН: Амерыканцы ацанілі ўзровень фільма?
СЖ: Так! Гэта першы беларускі праект, які быў прадстаўлены на American Film Market — асноўным сусветным маркеце, дзе прадаюцца фільмы, але дыстрыб’ютары пасля прагляду адразу прапаноўвалі нам кантракты. Назвы кампаній я пакуль не магу агучыць, але гэта вельмі сур’ёзныя карпарацыі. Зацікавіліся нават кітайскія пракатчыкі.
НН: Калі такая зацікаўленасць сапраўды існуе, то фільм павінен як мінімум пакрыць выдаткі на яго вытворчасць. А колькі ваша кампанія на гэтым зможа зарабіць?
СЖ: Па кантракце прыбытак дзеліцца напалову паміж намі і Міністэрствам культуры. Але важна тое, што гэта будзе першы праект, які ўвогуле адаб’е грошы.
Эрык Робертс і Сяргей Ждановіч.
НН: Дарэчы, пра заказчыка. Вы ж разумееце, што адна з прычын, чаму людзі ставяцца да вашай стужкі скептычна ці ўвогуле негатыўна, гэта тое, што ў якасці Вялікага Беларускага Праекта Мінкульт разам з вамі зняў такі сабе стандартны баявік?
СЖ: Ну, раней мы прапаноўвалі дзяржаве розныя праекты: і экшн, і драму, і фэнтэзі… Аднак Мінкульт зацікавіўся вось гэтым. Дарэчы, першапачаткова ў нашым сцэнары не было падзей на плошчы, выбуху ў метро. Але тое, каб яны фігуравалі ў фільме, было адной з умоў Мінкульта. Тады мы іх дадалі. Але, я падкрэсліваю — Мінкульт не дыктаваў нам, як іх паказваць.
Болей за тое, у нас было два варыянты, як паказваць плошчу: з бел-чырвона-белымі сцягамі, ці без іх. І я пытаўся ў заказчыка, і нам адказалі, што мы вырашаем самі, як на наш погляд будзе лепш. Мы не сталі выкарыстоўваць сцягі, каб нікога не нерваваць. Бо гэта мастацкі фільм, гэта не рэканструкцыя.
НН: Сцягоў не будзе, зразумела. А культавы выраз «что-то не так»?
СЖ: Ён у фільме з’явіцца. Прыкольная фраза. Але калі спачатку яе адрасавалі нам, што ў нас «что-то не так», то потым яе можна было накіраваць і шматлікім крытыкам, можа гэта яны «что-то не так» успрынялі ці зразумелі? Але я не хачу ўзбуджаць варожасць. Я хачу зрабіць якаснае кіно.
НН: Ну, калі паказваць Плошчу, то ў любым выпадку сачыць за тым, што вы робіце, людзі будуць вельмі пільна. Гэта ж было зразумела яшчэ да пачатку здымак.
СЖ: Але я не думаў, што выльецца столькі негатыву. Увогуле, на мой погляд, нацыянальны праект павінен аб’ядноўваць народ, а не яго дзяліць. Мы і хочам аб’яднаць.
НН: Але ж у наступным годзе выбары. А ў вашым фільме якраз паказваецца раз’юшаны натоўп на галоўнай плошчы краіны. Не баіцеся, што фільм успрымуць у тым ліку як агітку?
СЖ: Я разумею, што крытыкаваць будуць як з аднаго боку, так і з іншага. Але. Амерыканцы, якія не ведаюць наш бюджэт, ацэньваюць фільм у 30—50 мільёнаў. Ён выглядае якасна. Дык чаму не казаць, што гэта крута, што мы наблізіліся да сур’ёзнай планкі? Беларусам не трэба рабіць з краіны такую вялікую палітызаваную дзяржаву. Няхай палітыкай займаюцца палітыкі. Не трэба змешваць з гэтым кінаіндустрыю.
НН: А вы ж, кажуць, член грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Гэта не палітыка?
СЖ: Па-першае, я член Ротары-клаба, мы займаемся дабрачыннасцю. І на некаторых з такіх мерапрыемстваў мы перасякаліся з «Белай Руссю». Мне прапанавалі далучыцца, я праглядзеў статут, зразумеў, што гэта не супярэчыць маім прынцыпам, і ўступіў. Разам з імі мы займаемся дабрачыннымі праектамі. А палітызаваць можна што заўгодна — той жа Ротары-клаб назваюць масонамі, напрыклад.
Што тычыцца палітыкі, то я маю сваю дакладную пазіцыю, што варожасці паміж жыхарамі адной дзяржавы быць не павінна. Я супраць гвалту і агрэсіі, супраць паўстанняў. У мяне трое дзяцей, я хачу, каб мая сям’я жыла ў нармальнай стабільнай дзяржаве. І тое, што адбываецца ў свеце, напрыклад, Украіна — хто там правы, а хто вінаваты? І я за тое, каб да таго ж не дайшло ў Беларусі. Я супраць братазабойства, і наш фільм таксама пра гэтае.
НН: Дык калі яго можна будзе нарэшце паглядзець?
СЖ: І ў Беларусі, і ў свеце мы плануем зрабіць прэм’еру ў красавіку-маі будучага года. На фестывалі «Лістапад-2014» мы планавалі яго паказаць, але гэта было яшчэ да перамоваў з амерыканскімі дыстрыб’ютарамі. Пасля яны проста паставілі жорсткія патрабаванні — ніякага паказу! Бо магла б быць уцечка інфармацыі.
Потым будзе яшчэ і серыял з 4 частак (176 хвілін), куды ўвойдуць сцэны, якія не трапілі ў паўнаметражную версію. Серыял мы пакажам у канцы жніўня ці ў пачатку верасня, калі пачнецца новы тэлесезон.
НН: На беларускім тэлебачанні?
СЖ: Не, на расейскім. Не сакрэт, што права на першы паказ атрымлівае канал, які плаціць больш. Але ж зразумела, што нашы гледачы ўсе адно яго ўбачаць.
НН: Дарэчы, а Міністэрства культуры ўплывала на выбар акцёраў у фільме?
СЖ: Не. Была ўмова — удзел зоркі класа А, без канкрэтыкі. То бок, лаўрэат ці намінант Оскара ці Залатога Глобусу. Але складанасць была і ў тым, што зацікавіць зорку праектам вельмі цяжка. У нас няма магчымасці плаціць 2—3 мільёны долараў акцёрам, бо ў нас агульны бюджэт стужкі 2 мільёны.
І вось, я чую: пфф, Эрык Робертс і Салі Кіркланд! Ну што гэта за зоркі! Але вы пакажыце мне хаця б адзін беларускі праект, дзе хоць адна падобная зорка. Няма такіх праектаў.
НН: Рэжысёра таксама выбірала «Нонстоп-медыя»? Бо гэта ізноў даволі спрэчнае рашэнне — Уільям Дэ Віталь жа не мае вопыту працы галоўным рэжысёрам.
СЖ: Так. Для Бiла гэта будзе дэбютная праца. Спачатку мы працавалі з беларускай групай і беларускім рэжысёрам, але амерыканскія кінадзеячы, з якімі я раіўся, сказалі, што ўзровень, на жаль, не той. І мы запрасілі Уільяма, бо патрэбен быў чалавек, які валодае галівудскімі тэхналогіямі, разумее рускую душу, быў бы дзвюхмоўным і гнуткім. Уільям рызыкнуў, адгукнуўся. Трэба быць яму ўдзячнымі, а не крытыкаваць.
НН: Увогуле, не стаміліся яшчэ ад крытыкі?
СЖ: Наша задача — дарабіць фільм, нягледзячы на крытыку. Тым больш, не ўсе ж крытыкуюць. Напрыклад, мы размаўлялі з Франакам Вячоркам наконт беларускамоўнай версіі стужкі. Бо з нашага боку мы можам прадаставіць студыю, а акцёраў і пераклад трэба ўжо знайсці. Было б добра зрабіць такую версію.
І потым Франак прыязджаў у Каны, і быў ў нас на afterparty, і мы нармальна размаўлялі. Ён, я спадзяюся, не ўспрымае мяне, як нейкага палітызаванага рэжысёра.
Сара Кіркланд (справа).
НН: А чаму Курэйчык ставіцца так негатыўна да вас і гэтага праекта? Вы ж разам працавалі над серыялам «Вышэй за неба».
СЖ: Спачатку я ўвогуле не ведаў, як рэагаваць на негатыў ад Курэйчыка. А потым пачаў ставіцца да яго, як да чалавека, які робіць нам піяр. Такі пазаштатны супрацоўнік.
У свой час ён прыйшоў да мяне, і кажа: Сяргей, ратуй, грошай няма, а трэба здымаць сацыяльны праект, і пачынаць ужо праз тыдзень. Гутарка была пра «Вышэй за неба». Ну што ж, мы ўключыліся ў працу, але потым з’яўляліся нейкія яго дадатковыя ўмовы, і Курэйчык казаў мне: не выканаеш іх, я зраблю тое і гэтае. І ён зараз гэта і робіць.
НН: А што за ўмовы?
СЖ: Я не хачу казаць. Але яны супярэчылі як заканадаўству, так і маральна-этычным нормам.
HH: А чым вы плануеце займацца пасля выхаду фільма?
СЖ: Планаў хапае – ўсе распісана да 2017 года. Магчыма, будзем здымаць у Беларусі праект з Гэры Олдманам і Пірсам Броснанам. Галоўнае – гэта зараз дарабіць «Мы, браты».
Вы ведаеце, што пра наш праект расейцы кажуць: «Беларусы здымаюць круты блокбастар за капейкі». Амерыканцы: «Упершыню недзе там у Беларусі здымаецца блокбастар, прычым практычна бясплатна. Як гэта магчыма?». І толькі беларусы: « У нас тут здымаюць дрэннае кіно за вельмі вялікія грошы!» А трэба ж любіць сваё — беларускае!
* * *
Сяргей Ждановіч, генеральны прадзюсар кінакампаніі «Нонстоп Медыя», кампазітар. Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Расіі, ў 1978 сям’я пераехала ў Беларусь у Капыль. Вучыўся ў Маладзечне. Працаваў як кампазітар з Інай Афанасьевай. Напісаў музыку да фільмаў «Ідэальная жонка», «Сёмін», «Я дачакаюся» і іншым. У 2012 годзе быў супрадзюсарам кароткаметражнага фільма «Туфлікі», які заваяваў шмат міжнародных узнагарод. Аўтар і стваральнік серыі праграм тэлевізійнага праекта «Гукі школ» на тэлеканале АНТ.





