Бывае, што розныя словы і формы выклікаюць у чытачоў нейкага тэксту цэлыя хвалі абурэння. Так здараецца, напрыклад, у выпадку канчатку дзеяслова абвеснага ладу, цяперашняга часу, першай асобы множнага ліку -ём: «ідзём», «жывём». Часта можна пачуць, што такая форма «няправільная», што казаць трэба «ідзем», «жывем», «нясем» і г. д.

Дык трэба, відаць, патлумачыць розніцу паміж гэтымі канчаткамі.

Каб адказаць, як правільна, перш за ўсё і заўсёды трэба даследаваць так званыя факты мовы, якія мы назіраем у тэкстах. Тэксты ў нашым выпадку паказваюць наступнае:

Жывём неяк, як той поп кажа, неяк, па-божаму, на адным месцы, хоць сіл у нас многа. (Кузьма Чорны, «На беразе»)

Жывём цяпер толькі ўдвух. (Цётка, «Асеннія лісты»)

Дык што, нашы абураныя не маюць рацыі? Не зусім так. Бо тэксты паказваюць нам і іншае:

Жывем жа мы ў смуроднай атмасферы, з’яўляемся якбы чысцільнікамі грамадскіх адходаў, таму па-афіцэрску кахаем адэкалёны. (Сакрат Яновіч, «Сцяна»)

Як жа жывем, Аўдоцця Пятроўна? (Іван Мележ, «Завеі, снежань»)

З гэтага вынікае, што па-беларуску гавораць і так, і так. А якая ж розніца? Яна рэгіянальная. Праўда, формы «жывём», «нясём», «стрыжом» маюць шырэйшы абсяг, таму і сустракаюцца часцей. «Жывем», «нясем», «стрыжэм» паходзяць з Панямоння, дзе калі-нікалі можна назіраць, што «е» не пераходзіць у «ё» ў закрытым складзе перад цвёрдым зычным: «берды», «чацверты», «змерз» і г. д.

Слоўнікі выбіраюць варыянт з -ём. Відаць, таму, што ён шырэй распаўсюджаны геаграфічна, а яшчэ дазваляе размежаваць абвесны лад (жывём) ды загадны (жывем). Не сакрэт, што гэта робіць яго больш здольным у канкурэнцыі з іншымі формамі.

Трэці варыянт, які ў літаратурнай мове не прыжыўся, — гэта «жывом», «нясом», «стрыгом», «будам». Так кажа ўвесь паўднёвы ўсход Беларусі, і плошча распаўсюджання гэтай з’явы не меншая, чым «жывем», «нясем» і г. д. Але ніхто не сцвярджае, што «стрыгом» правільнейшае за «стрыжэм». Не будзем жа і мы сцвярджаць, што «жывем» у абвесным ладзе правільнейшае за «жывём».

Кожны рэгіяналізм з прыроды сваёй — правільны. Бо ён гарманічна ўпісаны ў натуральную сістэму пэўнай гаворкі. Мы ніколі не зразумеем нашай мовы, калі будзем «перацягваць коўдру» перш з аднаго варыянту на другі, а тады наадварот. Калі людзі многа гавораць паміж сабой, то агульная мова з часам сама выбірае з усіх правільных рэгіянальных варыянтаў той, які ёй найбольш выгодны, зручны. Часам застаюцца некалькі варыянтаў — найбольш жывучых. У нашым выпадку, відаць, так і сталася. Выбірайма ж той, які нам «свойшы», і шануйма адзін аднаго.

А калі ў нас узнікне жаданне папраўляць кагосьці, то перш трэба даследаваць тэксты, а тады і высветліцца, які варыянт «часцейшы», «зручнейшы» або «даўнейшы». Маркіраваць нешта як «няправільнае» трэба амаль толькі тады, калі перамешваюцца розныя мовы, а гэта адмысловы і выключны выпадак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?