Сёння палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». «НН» спытала ў медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага, які прысутнічаў пры прыняцці закона, у чым заключаюцца галоўныя змены:

«Па-першае, інфармацыйныя рэсурсы, якія знаходзяцца ў сеціве, цяпер прыраўнялі да сродкаў масавай інфармацыі. Цяпер Міністэрства інфармацыі будзе мець магчымасць даваць ім прадпісанні аб выдаленні незаконнага кантэнту. Пры гэтым даменная зона, у якой знаходзіцца сайт, не мае значэння. Калі прадпісанне не будзе выконвацца, гэтыя сайты будуць заблакаваныя. Сама працэдура гэтага мне невядомая, бо законапраекта я не бачыў.

Па-другое, доля замежных заснавальнікаў СМІ паменшана з 30 да 20%. Гэты закон не мае адваротнай сілы — то бок не будзе распаўсюджвацца на СМІ, якія ўжо існуюць у такім статусе.

Па-трэцяе, уводзіцца такое паняцце як дзяржаўны рэестр распаўсюднікаў друкаваных, тэлевізійных і іншых СМІ. Гэта чымсьці нагадвае дзяржаўны рэестр аб распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, які рэгламентуе дзейнасць кнігарняў. Аднак каб сказаць штосьці большае, трэба чытаць законапраект. Паводле словаў Ананіч, дакументы на рэгістрацыі ў гэтым рэестры будуць падавацца добраахвотна, але што будзе на практыцы, пакуль невядома.

Ананіч, калі прадстаўляла законапраект, казала аб нацыянальнай бяспецы, пра неабходнасць абароны беларускай інфармацыйнай прасторы. Таму, я думаю, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе менавіта пра гэта: каб у Беларусі быў інструмент, якім яна можа кіраваць інфармацыйнай прасторай. Бо цяпер мінінфармацыі можа выдаваць прадпісанні замежным СМІ, хоць іх ніхто не абавязаны выконваць. З іншага боку, беларускія інтэрнэт-СМІ, якія не выконваюць прадпісанні, не будуць распаўсюджвацца».

 Паўлюк Быкоўскі адзначае галоўны станоўчы момант новых паправак: «Цяпер прадстаўнікі інтэрнэт-СМІ атрымаюць магчымасць акрэдытацыі.

Пры гэтым калі ў друкаваных СМІ ёсць патрабаванні да заснавальнікаў, да рэдактараў, то паколькі інтэрнэт-СМІ не рэгіструюцца, да іх такіх патрабаванняў няма. Фактычна блогер можа назвацца СМІ і папрасіць акрэдытацыю. Як гэта будзе працаваць на практыцы, я не ведаю».

На жаль, Быкоўскі пакуль не можа сказаць, як новыя папраўкі адаб'юцца на свабодзе слова ў Беларусі. «Трэба глядзець законапраект, бо на словах адно, а што напісана на паперы, я не ведаю», — кажа ён.

Папраўкі ў законапраект набываюць сілу 1 студзеня 2015 года, калі пройдуць праз савет рэспублікі і Лукашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?