Апоўначы 20 снежня ў Беларусі запрацавала новая сістэма куплі валюты. Кожны ахвотны набыць замежныя грошы мусіць сплаціць дадатковыя 30% ад курса. Гэтая сума будзе пералічвацца ў дзяржаўны бюджэт. Што праўда, прыняты бюджэт на 2015 год не прадугледжвае такіх даходаў.
Карэспандэнт «НН» вырашыў праверыць новыя правілы на сабе. Па стане на 0:00 сістэма запрацавала яшчэ не ва ўсіх абменніках. А вось у «Беларусбанку», які знаходзіцца ў гатэлі «Вікторыя», пацвердзілі, што пачалі працу з валютай.
Аднак набыць даляры па-ранейшаму нельга. У продаж трапляе толькі тая валюта, якую здаюць папярэднія кліенты.
Для эксперыменту даводзіцца прадаць адзін долар. Курс куплі складае 10780 рублёў. Касірка, акругляючы, адлічвае за яго 10800 рублёў. Але дадатковыя 30% пры куплі атрымаць не ўдасца.
«А цяпер купіць» — «Валюты на продаж няма! Ці вам гэты самы даляр назад?» — здагадваецца касірка. Толькі што загружаная ў камп'ютар праграма, відаць, яшчэ не дапрацаваная, бо дадатковыя 30% яна вылічвае на калькулятары. Нарэшце абвяшчае: «З вас 14550».
У атрыманай квітанцыі камісія запісваецца дадатковы радком. Апроч яе ўказваецца курс банка, а таксама агульны разлік. З дакумента вынікае, што толькі што я аддаў беларускаму бюджэту 3350 рублёў.
Калі падвязуць даляры на продаж, касірка не ведае. Самалёт з валютай яшчэ не прыляцеў.





