Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі прыняў рашэнне аб выключэнні Onliner.by з рэестра нацыянальнай даменнай зоны за парушэнне заканадаўства аб гандлю. Пра гэта паведамлена на сайце ААЦ.
«У сувязі з выяўленымі Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь парушэннямі уладальнікам інтэрнэт-рэсурсу onliner.by заканадаўства аб гандлі, у тым ліку таго, якое рэгулюе парадак рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт, і непрыняцці ў раней устаноўленыя тэрміны мер па іх ліквідацыі, 20 снежня 2014 прынята рашэнне аб выключэнні адпаведнага даменнага імя з рэестра нацыянальнай даменнай зоны».
Галоўны рэдактар Onliner.by Дзяніс Блішч пакуль не можа пракаментаваць сітуацыю:
Onliner.by быў, поруч з Tut.by, найбольш наведваным беларускім інтэрнэт-парталам. Ён не пісаў на палітычныя тэмы.
Ён узнік на базе папулярнай платформы інтэрнэт-крамаў. У сваёй інфармацыйнай частцы ён вычарпальна асвятляў тэмы грамадства і эканомікі.
Заснавальнік Tut.by (у склад якога ўваходзіць і гандлёвая пляцоўка Kupi.Tut.by) Юрый Зісер так пракаментаваў сітуацыю:
«З паведамленняў не вельмі зразумела, што менавіта яны парушылі. Упэўнены, што ім усё вернуць. Момант для рэпрэсій толькі абраны дзіўны: у лепшыя гандлёвыя дні года. Не ведаючы дакладна прычыну закрыцця, не бяруся прадказаць лёс іншых гандлёвых пляцовак і навінавых сайтаў. На сайце ААЦ вісіць навіна, з якой відаць, што былі нейкія парушэнні па лініі Мінгандлю. Упэўнены, яны папраўныя».
***
Увечары сёння ж сайт аднавіў дзейнасць на домене Onliner.ru. На той жа адрас карыстальнік перанакіроўваецца з дамена Online.by.
«Нашая рэдакцыя будзе працаваць па адрасе Onliner.ru з заўтрашняга дня і да вырашэння праблемнай сітуацыі, — пішацца ў сацсетках «Анлайнера». — Будуць зачыненыя ўсе асабістыя профілі карыстальнікаў (то значыць форум і камэнтары выключаныя) — з-за сертыфікатаў бяспекі. Тэхнічная праблема».
На Onliner.ru дасяжныя навіны і архіў форуму, але недасяжныя каталог ды барахолка.





