Улада, дапусціўшы трэці раз за пяць гадоў валютна-фінансавы крызіс, «прадэманстравала сваю поўную бездапаможнасць і страціла ўсякае маральнае права кіраваць краінай».

Пра гэта гаворыцца ў прынятай 22 снежня заяве палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

«Краіна знаходзіцца ў глыбокім і пастаянным крызісе, што дае народу права патрабаваць адстаўкі не толькі ўрада і кіраўніцтва Нацыянальнага банка, але і Аляксандра Лукашэнкі, які нясе персанальную адказнасць за дзейнасць выбудаванай ім уладнай вертыкалі, якая цалкам пазбавіла народ права на іншае меркаванне, адрознае ад афіцыйнага», — гаворыцца ў дакуменце.

У АГП лічаць, што ўвядзенне 19 снежня Нацбанкам 30% падатку на набыццё валюты для фізічных і юрыдычных асоб «не вырашае пытанняў, што стаяць перад эаканомікай, перш за ўсё такіх, як страты ад экспартных аперацый на расійскім рынку». «Яно непазбежна прывядзе да стварэння ценявога валютнага рынку, двух паралельных валютных курсаў. Пры гэтым няма ніякіх аргументаў за тое, што праблемы на валютным рынку носяць часовы характар і ў пазначаны грашовымі ўладамі тэрмін будуць пераадолены».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0