Штотыдзень мы ў «Нашай Ніве» запісваем тыповыя памылкі, якія выпраўляем у артыкулах рэпарцёраў і пазаштатных аўтараў. Гэтую падборку рассылаем супрацоўнікам.
Такім чынам мы стараемся ўзняць культуру мовы.
Праблема ў тым, што са школы і ўнівера людзі выходзяць з нетрывалымі ведамі беларускай. Да таго ж, дамінацыя расейскай мовы ў гарадскім асяроддзі, на радыё і ТВ блытае людзей. Даводзіцца ўвесь час нагадваць правілы.
Мы падумалі, што гэтыя памылкі могуць быць цікавыя і чытачам, якія вучаць мову ці любяць мову. Гэта ж тыповыя выпадкі.
Форма тлумачэння — мінімалістычная.
3D-друк (праз злучок)
Героі-3, Дом-2 (пішам праз злучок)
бранхітУ, ракУ (усе хваробы маюць канчатак -у ў родным склоне)
МядзеЛ, з МядзеЛА, у МядзеЛЕ (горад)
інтэрпрЭтацыя
кіндАр-сюрпрыз
даследАваць, расследАваць, даследАванне, абследАванне
лепш галоўная бухгалтарка, а не галоўны бухгалтар, інспектарка, а не інспектар і г.д. (калі яна жанчына)
фаршУ, шакаладУ (рэчывы), лімітУ, рухУ, экшнУ (абстрактныя паняцці), анёлА, боханА, кошыкА, МінскА, КіевА (прадметы, асобы, гарады) (родны склон адзіночнага ліку мужчынскага роду)
Ветхій завет (рас.) = Стары закон, Стары запавет (бел.)
грэцкія крупы, але грэчаская мова, па-грэчаску
каму? мужчынУ
«падчас» пішам разам
даручэнне, а не паручэнне
«пункты» збору, «пункты» раздачы лепш, чым «кропкі» раздачы, збору. «Кропка» пераважна ўжываецца толькі ў сэнсе знака пунктуацыі.
з'Імчым, з'Інеў (апостраф + і пасля прыстаўкі з-), але падЫгралі, сЫгралі, дэзЫнфармацыя. міжІнстытуцкі
пераламленне святла, а не праламленне
па стылІ, па домЕ, бежучы па лязЕ, па днЕ мора
МаЙсей, Масей, а не Маісей
заслугоўваюць, а не заслужваюць
распаўсюджВанне спайсаў (а не распаўсюджанне)
лепш ужываць «сядаць», чым «садзіцца»
паўгода, а не паўгады





