Новая белая афарбоўка хавае «няёмкую ўсмешку» майскай мадэлі
«Машына, што мы прадставілі ў маі, была раннім макетам – не працавалі нават фары, – прызнаюцца распрацоўшчыкі. З таго часу мы збудавалі мноства «прататыпаў прататыпаў».
Кожны з тых аўтамабіляў быў створаны для праверкі асобнай функцыі: кіравання, тармазоў, камп’ютараў, сэнсараў і іншых. Цяпер усе часткі сабраныя ў адно.
Інжынеры правядуць святы на тэставым трэку. «Спадзяемся пабачыць вас на вуліцах паўночнай Каліфорніі ў наступным годзе», – пішуць яны. На ўсялякі выпадак кіроўцы-тэстыроўшчыкі пакуль будуць мець ручны кантроль над машынамі.
«Гугламабіль» выкарыстоўвае замест чалавечага кіравання звесткі з Google Street View, лідар (светлавы дальнамер з 64 лазераў) на даху, радары наперадзе ды іншыя тэхнічныя сродкі. Сістэма паспяхова адрознівае пешаходаў ад нерухомых аб’ектаў. Пакуль беспілотныя аўтамабілі маюць праблемы з рухам пад залевамі і завеямі.
На думку сузаснавальніка Google Сяргея Брына, беспілотныя аўтамабілі дазволяць палепшыць сітуацыю з аварыямі і заторамі, а таксама панізяць патрэбу ў прыватным аўтамабілі і разгрузяць паркоўкі.
Google не збіраецца сама вырабляць аўтамабілі без руля, перадае CNet са спасылкай на Wall Street Journal. Кампанія шукае партнёраў для таго, каб пусціць беспілотныя аўтамабілі ў камерцыйную вытворчасць па завяршэнні выпрабаванняў. Бізнэс-мадэль такога партнёрства пакуль абмяркоўваецца.





