Цырымонія ўручэння прайшла падчас «Каляднай вечарынкі» 22 снежня ў кнігарні «логвінаЎ».
У трох намінацыях лаўрэатамі былі названыя Андрэй Хадановіч (паэзія), Вераніка Бяльковіч (проза) і Альгерд Бахарэвіч (публікацыя ў «ПрайдзіСвеце»). Пераможцы атрымалі лямцавыя статуэткі аўтарства Веранікі Фаміной і дыпломы.
Акрамя пераможцаў, свае пераклады прачыталі Ірына Герасімовіч і Марыя Мартысевіч.
Цалкам спіс прэтэндэнтаў на прэмію выглядаў наступным чынам:
Проза
- Альгерд Бахарэвіч: Браты Грым «Казкі»
- Вераніка Бяльковіч: Ірэна Доўскава «Моцны Жбуць»
- Марыя Мартысевіч: Багуміл Грабал «Я абслугоўваў ангельскага караля»
- Сяргей Сматрычэнка: Міхал Вівэг «Цудоўныя гады сабаку пад хвост»
- Максім Шчур: Эган Бонды «Запрашэнне на вячэру»
Паэзія
- Ірына Герасімовіч: Ільма Ракуза «Перакрэсліць усё»
- Андрэй Гуцаў, Алесь Разанаў: Улдыс Бэрзыньш «Салаўі крычаць па-латышску…»
- Марыя Мартысевіч: Аляксандр Фрэдра «Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца»
- Андрэй Хадановіч: зборнік перакладаў «Разам з пылам», Аляксандр Фрэдра «Помста», Рышард Крыніцкі «Дакрануцца», пераклады з кнігі Віславы Шымборскай «Канец і пачатак»
Публікацыя ў «ПрайдзіСвеце»
- Альгерд Бахарэвіч: Вільгельм Гаўф «Гісторыя пра карабель прывідаў», Ян Вагнер «верабей гюрыке»
- Аляксей Знаткевіч: Кен Кізі «Палёт над гняздом зязюлі», Роберт Энтан Ўілсан «Трынаццаць хораў для боскага маркіза»
Падчас «Каляднай вечарынкі» Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская таксама прэзентавалі кніжную серыю «PostScriptum».
Ганна Янкута зачытала ўрывак з «Каляднага харалу» Чарлза Дыкенска, надрукаванага ў апошнім зборніку серыі «Падарунак на Каляды».
Уладзь Лянкевіч і Юля Цімафеева расказалі пра апошні, 14-ы нумар выдання, «Лабірынты іншасвету» і зачыталі свае пераклады з яго.
Часопіс перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет» узнік у 2008 годзе. У ім публікуецца вельмі вартая літаратура.





