Кіраўнікі дзяржаў АДКБ таксама выступілі за найхутчэйшае аднаўленне міру ва Украіне і наладжванне перамоўнага працэсу паміж усімі супрацьборнымі бакамі. Як адзначаецца ў сумеснай заяве, прынятай удзельнікамі саміту, неабходна ў тым ліку прыняць экстранныя меры па пераадоленні наступстваў гуманітарнай катастрофы.

«Асаблівую трывогу выклікаюць чалавечыя трагедыі, гібель людзей, у тым ліку цывільнага насельніцтва», — гаворыцца ў заяве.

«Мяркуем вельмі важным не дапусціць далейшага ўскладнення сітуацыі, выказваць стрыманасць, выкарыстоўваць выключна палітыка-дыпламатычныя метады ўрэгулявання канфлікту».

У заяве таксама падкрэсліваецца неабходнасць няўхільнага выканання палажэнняў дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Кіраўнікі краін АДКБ заклікалі дзяржавы, якія падпісалі пратакол аб гарантыях бяспекі да пратакола аб зоне свабоднай ад ядзернай зброі ў Цэнтральнай Азіі, да найхутчэйшай ратыфікацыі дакумента.

«Мы, кіраўнікі дзяржаў—членаў АДКБ, лічым адным з найважнейшых прыярытэтаў міжнароднай супольнасці вызваленне свету ад пагрозы, якую нясе зброя масавага знішчэння, уключаючы ядзерную. Далейшыя крокі па ядзерным раззбраенні патрабуюць падключэння да гэтых намаганняў усіх без выключэння дзяржаў, якія валодаюць ядзерным патэнцыялам», — гаворыцца ў заяве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?