Студзень
У Беларусь прыбывае новапрызначаны мітрапаліт Павел.
Мінскія работнікі хуткай дапамогі збіраюць подпісы за павышэнне заробкаў. Улады абяцаюць узняць зарплату праз некалькі месяцаў — і пратэст гасне.
У Купалаўскім тэатры прэм’ера «Пана Тадэвуша».
Фанаты БАТЭ праводзяць акцыю салідарнасці з Украінай. Заўзятараў ідэнтыфікуюць і прысуджаюць да арыштаў.
Люты
У Сочы праходзіць зімовая Алімпіяда, якая сканчваецца трыумфам біятланісткі Дар’і Домрачавай — тры залатыя медалі! Апроч яе ў спаборніцтвах перамагаюць фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір, а біятланістка Надзея Скардзіна атрымлівае бронзавы медаль.
Японская карпарацыя «Ракутэн» купляе распрацоўку беларускіх праграмістаў, кампанію «Вайбер», за $900 мільёнаў.
Майдан бярэ ўладу ва Украіне, і Віктар Януковіч уцякае ў Расію. Перамога была здабытая цаной жыцця 106 ахвяраў. Сярод іх — беларус Міхаіл Жызнеўскі.
Сакавік
У адказ на перамогу Майдану Расія ўводзіць войскі ў Крым, блакуючы ўкраінскія падраздзяленні. 16 сакавіка на паўвостраве праходзіць «рэферэндум», паводле вынікаў якога Расія ўключае Крым у свой склад.
Аляксандр Лукашэнка адмяняе рэспубліканскія Дажынкі. Свята цяпер адзначаецца толькі на абласным і раённым узроўнях.
Мясцовыя выбары праходзяць без ніякага грамадскага ўздыму.
Красавік
На волю выходзіць палітвязень Мікола Аўтуховіч. Ён правёў за кратамі 5 гадоў і 2 месяцы — за пяць знойдзеных пры вобшуку патронаў.
У Мастацкім музеі адкрываецца грандыёзная выстава «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», большасць экспанатаў якой паказвалася ўпершыню.
На ўсходзе Украіны пачынаецца баявыя дзеянні «сепаратыстаў», якія з дапамогай Расіі плануюць адарваць Данбас.
Май
У Беларусі праходзіць чэмпіянат свету па хакеі. Перамагае Расія.
На волю выходзіць Андрэй Гайдукоў, былы слесар «Нафтана», асуджаны за спробу супрацы з ЦРУ.
На «Еўрабачанні» перамагае аўстрыйская «жанчына з барадой» Канчыта Вурст. У беларуса Юрыя Вашчука (Тэа) — 16-е месца ў фінале.
Чэрвень
Пад выглядам сына Януковіча Аляксандру Лукашэнку дазваніўся расійскі жартаўнік Ваван. Праз некалькі месяцаў у адстаўку сыходзіць памочніца кіраўніка дзяржавы Наталля Пяткевіч. Магчыма, гэта ўзаемазвязаныя падзеі.
З калоніі вызваляюць праваабаронцу Алеся Бяляцкага. За «нявыплату падаткаў» ён правёў за кратамі тысячу дзён.
Ліпень
Кіраўнік «Белнафтахіма» Ігар Жылін арыштаваны і змешчаны ў ізалятар. Сплаціўшы кампенсацыю, ён выходзіць на свабоду, аднак на сваю пасаду не вяртаецца.
Зборная Германіі становіцца чэмпіёнам свету па футболе. У фінале з Аргенцінай усё вырашае гол Марыа Гётцэ ў дадатковы час.
Еўрасаюз уводзіць санкцыі ў дачыненні Расіі, патрабуючы спыніць агрэсію супраць Украіны.
Сепаратысты збіваюць малайзійскі «Боінг» у небе над Данецкам. Загінула 298 чалавек.
Жнівень
Расія адказвае на санкцыі — уводзіць эмбарга на пастаўку прадуктаў з Еўропы і ЗША.
Арыштаваныя двое членаў савета рэспублікі: магілёўскі бізнэсмен Віталь Кастагораў і дырэктарка Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка.
У Афрыцы набірае абароты эпідэмія ліхаманкі Эбола.
У Мінску прадстаўнікі Украіны і «ДНР» дамаўляюцца пра спыненне агню. Пакрысе баі суцішваюцца.
Верасень
8 верасня святкуецца 500 гадоў перамогі ў бітве пад Воршай. На дзяржаўным узроўні дата застаецца незаўважанай.
Упершыню два беларускія клубы ўдзельнічаюць у еўрапейскай футбольнай восені. БАТЭ ўстанаўлівае антырэкорд Лігі чэмпіёнаў па розніцы забітых і прапушчаных мячоў — 2:24, аднак атрымлівае перамогу над іспанскім «Атлетыкам». Мінскае «Дынама» ў Лізе Еўропы таксама займае апошняе месца ў групе, затое перамагае італьянскую «Фіярэнціну».
У Мінску прайшоў «Мова Cup» — спартыўны фестываль на беларускай мове, арганізаваны айчыннымі спартсменамі.
Кастрычнік
З’яўляецца новы палітвязень. Гомельскі актывіст Юрый Рубцоў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за абразу суддзі.
У Мінску былы ахоўнік спрабуе абрабаваць абменнік і бярэ ў закладніцы касірку. Праз некалькі гадзін снайпер страляе ў яго і трапляе ў галаву. Нападнік памірае ў бальніцы на наступны дзень.
Матч Беларусь—Украіна ў Барысаве ператвараецца ў дэманстрацыю салідарнасці. Фанаты з абедзвюх краін разам спяваюць пра Пуціна, скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!».
Аляксандр Лукашэнка загадвае ўзняць дазволеную хуткасць на дарогах. Па многіх трасах цяпер можна ездзіць 120 км/г, а не 90 км/г.
Закрываюцца моўныя курсы «Мова ці кава».
Лістапад
У адстаўку адпраўлены старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. На яго месца прызначаецца былы міністр ЖКГ Андрэй Шорац.
Рэформа Міністэрства аховы здароўя — цяпер купіць лекі без рэцэпта становіцца немагчыма.
У Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца прэс-сакратарка — тэлевядучая БТ Наталля Эйсмант (Кірсанава).
Снежань
Справа аб шпіянажы. Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін змешчаны ў ізалятар КДБ, але неўзабаве выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.
На волю выходзіць палітвязень Эдуард Лобаў. Ён быў затрыманы за дзень да Плошчы-2010.
Фінансавы крызіс у Расіі дакатваецца і да Беларусі. Курс продажу даляра вырастае на 30%, у крамах тэхнікі пустыя паліцы — насельніцтва скупляе тавары па старых цэнах.





