Адменена прэс-канферэнцыя па актуальных пытаннях эканомікі і валютнай палітыкі, якая мелася пачацца 24 снежня ў 14.00 у Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі.
Як заявіў намеснік дырэктара прэс-цэнтра Аляксей Цыбулька, мерапрыемства адменена «па аб'ектыўных прычынах». «Мы выступілі арганізатарамі гэтага мерапрыемства, і нам не ўдалося гэту прэс-канферэнцыю сабраць, таму мы яе адмяняем. Не па прычыне канкрэтных удзельнікаў ці міністэрстваў, проста ў нас гэта не атрымалася зрабіць», — падкрэсліў ён.
Паведамленне аб правядзенні прэс-канферэнцыі па актуальных пытаннях эканомікі і валютнай палітыкі было распаўсюджана Нацыянальным прэс-цэнтрам напярэдадні, 23 снежня. У ёй планаваўся ўдзел першага намесніка кіраўніка апарата Саўміна, кіраўніка сакратарыята прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандра Забароўскага, першага намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча і намесніка старшыні праўлення Нацбанка Сяргея Калечыца.
Улічваючы падзеі апошніх дзён, магчымасць сустрэцца з чыноўнікамі гэтых ведамстваў выклікала вялікую цікавасць у журналістаў. Нагадаем, 20 снежня ў Беларусі ўведзены 30-працэнтны збор пры куплі замежнай валюты ў фізічных і юрыдычных асоб. Гэта рашэнне Нацбанк растлумачыў ажыятажным попытам на замежную валюту, які быў выкліканы дэвальвацыяй расійскага рубля. У выніку рэальны курс продажу долара ў абменных пунктах (з улікам камісіі) перавысіў 14 тыс. беларускіх рублёў. 23 снежня камерцыйныя банкі па рэкамендацыі Нацбанка павысілі курс куплі замежнай валюты на 25%.
Незалежныя эканамісты рэзка крытыкуюць прынятыя меры. Рашэнне аб валютных абмежаваннях яны звязваюць з публічнай забаронай Аляксандра Лукашэнкі праводзіць дэвальвацыю. Многія эксперты мяркуюць, што сітуацыя развіваецца па сцэнарыі 2011 года. Яны таксама прагназуюць, што больш жорсткія ўмовы куплі валюты абернуцца вялікім стратамі як для суб'ектаў гаспадарання, гэтак і для грамадзян, а множнасць курсаў прывядзе да адмывання абаротных сродкаў у прадпрыемстваў-экспарцёраў.





