Fugit irreparabile tempus, казаў той рымлянін, — уцякае незваротны час. Слова час і аднакарэнныя з ім часта выкарыстоўваюцца ў мове СМІ, але ў гутарцы з native-speaker’амі вы рэдка пачуеце яго. Ужо часцей людзі кажуць па-царкоўнаславянcку «урэмя». Слова час, відаць, — кніжнае, а яго «жывейшы» адпаведнік, вельмі блізкі значэннем, — пара.

У пару росквіту, Залатога веку, найбольш ужывальнай беларускай манэтай быў літоўскі грош. (Павел Севярынец, «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі)

Пачнём з таго, што адно са значэнняў слова пара ў нашай мове — дзень і ноч разам, суткі:

Чацвёртую пору мы не спалі. (Кузьма Чорны, «Сям’я Юрыя Гарэйкі»)

Цэлую пору, амаль, прастаялі на прыстані, — казаў грубы голас. (Цішка Гартны, «Шукаючы працы»)

Апісваючы час, калі нешта адбывалася, мы таксама скажам «у тую пору», «тою парою». А ёсць яшчэ прыгожая канструкцыя з прыназоўнікам «аб»:

Наказ прынёс я да васпана!Наказ такі: каб заўтра зранаТвой брат Антось шоў да адборуА сам Міхал аб гэту поруНастройваў лыжы да сялібы —Падбаць панам наконта рыбы. (Якуб Колас, «Новая зямля»)

Гэты прыназоўнік, дарэчы, наогул пасуе на акрэсленне часу. Можна сказаць, таксама, і «аб тую гадзіну», «аб восень» і г. д.

Іншы прыклад — пра ўласцівы, адпаведны час на нешта. Амаль як у таго Эклезіяста з Бібліі:

Усё мае сваю пору — усходзіць, расці і паміраць. (Вячаслаў Адамчык, «Чужая бацькаўшчына»)

Найбольш адпаведны момант часу («самое время», «najwyższy czas») называюць «самая пара»:

Самая пара зараз — рассесціся, узяць у рукі скібу хлеба ды гурок! (Іван Мележ, «Людзі на балоце»)

Была самая пара сну. (Максім Гарэцкі, «Дзве душы»)

Самая пара была адумацца… (Васіль Быкаў, «Ваўчыная яма»)

Поры, адпаведныя моманты ў плыні часу, можна таксама і якбы палічыць. Прафесар Фёдар Янкоўскі дае такую ілюстрацыю:

Ужо каторая пара на дварэ, а дзіцяці са школы няма. (Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы)

А калі нешта адбылося нечакана, у неадпаведным часе («несвоевременно», «w niewłaściwym czsie») то кажуць, «не парой», «без пары».

Не парой ты, зара, занімаешся (З народнае песні)

Лявонка мой — як табе ўжо Данілка казаў — не перажыў, вечны спакой, гэткае несправядлівасці і рукі без пары сам на сябе налажыў. (Янка Купала, «Раскіданае гняздо»)

Знявечаныя, без пары дарослыя, мы ўсё ж не білі ляжачага ботам у бок і не гулялі ў расстрэл. (Уладзімір Караткевіч, «Лісце каштанаў»)

Калі нешта адбываецца «без пары», «не парой», то штосьці можа быць і «ў пору», «у самую пору» — у адпаведны час, «своевременно».

Яна выбралася на той свет у пару: гаспадарка выадпаведнілася, а і сама не была ўжо надта патрэбнай. (Сакрат Яновіч, «Пахаванне Гандзі»)

А ёсць прыказка: «Да пары збан ваду носіць». Будзе, значыцца, пара — і гэта скончыцца, на ўсё прыйдзе канец. Гэтая прыказка ўжываецца і як перасцярога таму, хто ўжо каторы раз робіць нейкае ліха. «Да пары» можна сказаць і пра ўсё часовае, усякую часовую з’яву:

Яна стала горача даказваць, што гэта да пары. (Вольга Іпатава, «Залатая жрыца ашвінаў»)

Мы бачым, што слова пара мае значэнне больш дакладнае за слова час: нейкі перыяд, эпоха, нейкі пэўны момант, час у яго канкрэтнай праяве. O tempora! O mores! — крычаў у судзе рымскі палітык Цыцэрон. Гэта была эпоха ягонага жыцця і па-нашаму ён, відаць, сказаў бы гэта: «Што за пара! Што за звычаі!» Так, можна сказаць «у пару Цыцэрона», «у пару Купалы», «Нашаніўская пара».

Таму, калі мы хочам філасофстваваць, можна казаць і па-кніжнаму час. Але што ж да канкрэтных праяў часу ў нашым жыцці — ёсць шмат і іншых, жывых і трапных зваротаў. І не мае наша мова патрэбы адаптоўваць калькі накшталт «своечасова». Пара пра гэта падумаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?