Сёння ў Мінску адбудзецца фінал нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2015».

За права прадстаўляць Беларусь на песенным форуме будуць змагацца гурт Napoli, Lis, Дария, Gunesh, гурт Muzzart, Валерыя Садоўская, гурт Rostany, Жанет, Аляксей Грос, гурт «МІЛКІ», Uzari & Maimuna, гурт «Беатрыс», Віталь Варанко, Анастасія Малашкевіч, Тasha ODI.

«Miлкi»

«Miлкi»

Сёлета адбор пераможцы будзе праходзіць па новых правілах. Калі раней ён вызначаўся на 50% галасаваннем тэлегледачоў і яшчэ на 50% — ацэнкамі журы, то сёлета агульны вынік галасавання за кожнага ўдзельніка складаецца з васьмі ацэнак, з іх сем ацэнак — гэта вынікі галасавання кожнага з сямі членаў журы і адна ацэнка — вынік галасавання гледачоў. 

Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, пры ўнясенні зменаў у правілы правядзення конкурсу арганізатары ўзялі за аснову мальтыйскую сістэму галасавання, дзе рэйтынг прагляду нацыянальнага адбору складае 95%.

Адказваючы на пытанне, ці не выкліча новая сістэма росту незадаволенасці з боку тэлегледачоў, кіраўнік прэс-службы Святлана Смалонская-Краскоўская сказала: «Белтэлерадыёкампанія ўжо дванаццаты год праводзіць нацыянальны адбор для конкурсу «Еўрабачанне» і рыхтуе ўдзельніка для гэтага конкурсу, і ў любым выпадку, паколькі нацыянальны адбор кампанія праводзіць у выглядзе тэлевізійнага шоу, у якім бяруць удзел і тэлегледачы, і прафесійнае журы, мы павінны разумець, што пераможца заўсёды адзін. Таму заўсёды будзе нейкая незадаволенасць, непаразуменне. Да гэтага трэба быць гатовым».

Паводле слоў Смалонскай-Краскоўскай, сёлета змяніўся таксама падыход да выбару прафесійнага журы, і на конкурсе працуюць дзве судзейскія калегіі: першая — на этапе праслухоўвання, другая — у фінале. «У фінале члены журы будуць знаходзіцца ў розных пакоях, яны не будуць адзін пра аднаго ведаць і не будуць мець доступ да інфармацыі аб галасаванні адзін аднаго і тэлегледачоў. Імёны членаў журы да заканчэння фіналу таксама не абвяшчаюцца», — сказала прадстаўнік тэлерадыёкампаніі. 

Фінал адборачнага тура адбудзецца ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Шоу пачнецца ў 22.00 і будзе транслявацца на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Беларусь 24», а таксама на сайце www.eurovision.tv.

Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2015» адбудзецца ў маі наступнага года ў Аўстрыі.

У апошнія гады нацыянальны адбор на конкурс «Еўрабачанне» суправаджаўся скандаламі. Так, у 2014 годзе ў фінале адразу два ўдзельнікі конкурсу набралі аднолькавыя балы. Спявак Тэа атрымаў 8 балаў у выніку глядацкага галасавання і 12 балаў — ад членаў журы. Дуэт Макс Лорэнс & Дзідзюля, наадварот, атрымалі 12 балаў ад гледачоў і 8 — ад журы. Па правілах конкурсу, калі два канкурсанты набралі аднолькавую колькасць балаў, пераможца вызначаецца паўторным галасаваннем журы, якое аднагалосна прагаласавала за Тэа. Пазней на інтэрнэт-пляцоўцы change.org пачаўся збор подпісаў за адмену вынікаў фіналу. У звароце гаварылася, галасаванне журы «з'яўляецца суб'ектыўным меркаваннем журы і ніяк не адлюстроўвае меркаванне ўсяго народа Рэспублікі Беларусь». 

У 2012 годзе вынікі нацыянальнага адборачнага тура «Еўрабачання» Беларусі пераглядаліся спецыяльнай камісіяй, якая была створана па асабістым распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі з-за неадназначнай рэакцыі грамадскасці на вынікі конкурсу. Камісія даказала, што вынікі фіналу былі падтасаваныя. У выніку на «Еўрабачанне-2012» ад Беларусі замест аб'яўленай першапачаткова Алены Ланской адправіўся гурт Litesound. Алена Ланская прадстаўляла Беларусь на міжнародным конкурсе ў 2013 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?