Самая нестабільная дзялянка грамадска-дзяржаўнага жыцця – яго базіс: эканоміка і фінансы. Краіна ходзіць, як той зашораны конь, па крузе: абясцэньванне рубля – дэнамінацыя, абясцэньванне – дэнамінацыя… Ужо каторы раз настае пара друкаваць 500-тысячныя і мільённыя купюры, бо касіры ў крамах і банках задыхаюцца ад папяровай масы. Краіна не выходзіць з фінансавага крызісу: 2008–2009, 2011, 2014… Тэорыя Маркса аб цыклічных крызісах да Беларусі на стасуецца, бо ў нас не цыклічнасць, а перманентнасць крызісу. Мусіць, таму, што ў нас і не «першая стадыя камунізму» і яшчэ недаразвіты капіталізм, калі людзі (у прыватнасці, у «маім» Ганцавіцкім раёне) не могуць выжыць без збіральніцтва, калі старшыня райвыканкама публічна наракае, што сёлета быў слабы ўраджай дзікарослых ягад і грыбоў.

Да нестабільнасці фінансава-эканамічнай сістэмы дадаецца нестабільнасць урадаў. Толькі адзін Сяргей Сідорскі заседзеўся ў крэсле прэм’ер-міністра больш як пяць гадоў. Уладзімір Ярмошын і Генадзь Навіцкі не ўседзелі ў тым крэсле і двух гадоў, Міхаіл Чыгір і Сяргей Лінг пасядзелі трошкі больш за два, а Міхаіл Мясніковіч не дабыў да 4-гадовага тэрміну літаральна некалькі дзён.

Колькі пратрымаецца на пасадзе прэм’ер-міністра прызначаны ўчора Андрэй Кабякоў? Замест адказу на гэтае пытанне, задам іншае: а чым грамадству, палітызаванай яго частцы запомніліся прэм’ер-міністры Беларусі? Хіба толькі Міхаіл Чыгір, фінансіст, эканаміст, – сваёй заявай аб сыходзе з пасады на знак нязгоды з палітыкай першага чыноўніка дзяржавы.

Астатнія кіраўнікі ўрадаў Беларусі не запомніліся нічым, бо яны ў нас — чыста тэхнічныя выканаўцы. Як і нібыта падначаленыя ім міністры. Пры панаванні КПСС рэкамендацыі нейкага інструктара ЦК КПБ мелі для міністра вагу дырэктывы. Пры гэтым партыйныя чыноўнікі не неслі ніякай адказнасці за свае рэкамендацыі. За няўдачы «аддуваліся» ўрад, асобныя міністры, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў у міністэрствах. Яны былі свайго роду маланкаадводамі. Гэтак і цяпер: стратэгічныя рашэнні прымаюцца не ў Доме ўрада, не ў Нацыянальным банку, не ў парламенце, а ў тым самым будынку, што і пры КПСС. Міністрамі кіруе не гэтак прэм’ер-міністр, як чыноўнікі з таго самага «Чырвонага дома», а «сілавыя» міністры падпарадкаваны непасрэдна самі ведаеце каму.

Пры такім парадку, калі няма сапраўднага парламента, няма сапраўды адказнага перад ім ураду, няважна, хто займае пасаду прэм’ер-міністра: аграном Лінг, інжынер-механік Ярмошын, інжынер-будаўнік Навіцкі, спецыяліст у галіне вакуумна-плазменных тэхналогіяў Сідорскі, інжынер-вадаправодчык Мясніковіч ці інжынер Кабякоў. Скажуць: неабавязкова прэм’ер-міністру быць эканамістам, фінансістам, вунь Дэвід Кемеран, Ангела Меркель… Дык тыя ж прайшлі школу публічнай палітыкі, партыйнай муштроўкі, тыя ж выйшлі наверх у выніку жорсткай канкурэнцыі, дэмакратычных працэдураў. Хто з прэм’ераў Беларусі можа пахваліцца гэтым?

Пры цяперашніх парадках няважна, хто якую пасаду займае. Галоўнае – умець быць паслухмяным выканаўцам. Вось ішла такая сабе дыскусія аб праблемах адукацыі, шчыравалі на гэтай дзялянцы Анатоль Тозік і Сяргей Маскевіч. І вось яны ўжо ў адстаўцы. Цяпер замест гуманітарыя Тозіка пытанні культуры, адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай сферы будзе курыраваць ва ўрадзе спецыяліст у галіне вадаправодаў і каналізацыі Наталля Качанава. З крэсла старшыні Наваполацкага гарвыканкама ў крэсла віцэ-прэм’ера – такі вертыкальны ўзлёт дадзена здзейсніць не кожнаму. Гэта, мусіць, дзеля «гендару»: трэба ж, каб хоць адна жанчына займала адказную пасаду.

Што тычыцца новага міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, дык яму не пазайздросціш: і «гаспадарка» запушчаная, і «спецыялістаў» шмат, бо ў праблемах школы ў нас «разбіраюцца», бадай, усе, пачынаючы з самі ведаеце з каго.

Мусіць, прафесар Жураўкоў падмануўся на абяцанкі чыноўнікаў з «Чырвонага дома», якія падбіралі новых міністраў.

Не пазайздросціш і новаму першаму віцэ-прэм’еру Васілю Мацюшэўскаму. Дарма што ён прафесійны эканаміст, кваліфікаваны фінансіст. Вельмі хутка ён адчуе, хто сапраўды «разбіраецца» ў нас у эканоміцы і фінансах і каму наканавана роля маланкаадвода.

У гэтых варунках нельга без іроніі не адзначыць прызначэнне на пасаду кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі непатапляльнага Аляксандра Косінца. Шэсць гадоў кіраваў ён Віцебскай вобласцю. Кіраўніка самай датацыйнай вобласці, Пятра Рудніка, звольнілі з паніжэннем, кіраўніка самай неўрадлівай вобласці звольнілі з павышэннем. Цяпер ён будзе кіраваць тымі чыноўнікамі, якія дэ-факта кіруюць урадам, кіруюць міністрамі.

Перманентнага крызісу не пазбыцца без перамен ва ўсёй палітычнай, гаспадарчай і культурна-адукацыйнай сістэме, без кардынальных перамен у базісе і надбудове. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?