Памёр беларускі гісторык Міхаіл Клаўдзіевіч Кошалеў, яму было 65 гадоў.
Пра смерць гісторыка паведаміў у сваім фэйсбуку гісторык Алесь Пашкевіч.
«… У Інстытуце гісторыі НАНБ памёр былы вучоны сакратар установы на працягу больш чым 20-ці гадоў (1984—2005), загадчык цэлага аддзела ўсеагульнай гісторыі і міжнародных адносін Міхаіл Клаўдзіевіч Кошалеў (пахаванне было 30 снежня). І каб хоць бы дзе якая сціплая інфармацыйная даведка. Выпадкова толькі даведаўся. Sic transit gloria mundi!
А чалавек быў неблагі. І несумненны патрыёт Беларусі. Прынамсі, у мяне такое ўражанне склалася, наколькі я яго ведаў».
Міхаіл Клаўдзіевіч Кошалеў нарадзіўся 9 студзеня 1949 г. у Мінску, скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1970), працаваў у Музеі Вялікай Айчыннай вайны, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і культуры АН БССР, у Інстытуце гісторыі працаваў з 1979 г.
Даследаваў пытанні сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Беларусі ХХ ст., міжэтнічныя адносіны, эвалюцыю гістарычнай навукі Беларусі.





