Дарагія сябры!

Хачу, каб найперш мяне пачулі Мікола Статкевіч, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч і ўсе зняволеныя за свае перакананні. Дай вам Бог хуткага вяртання да родных і блізкіх!

Мы лічым час гадамі, і ў кожным, як у кавалачку бурштыну, застаюцца для вечнасці нашы вялікія і малыя набыткі і страты.

У 2014-м адляцелі ў нябесную Беларусь душы двух выдатных творцаў – Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.

У 2014-м мы аднойчы прачнуліся ў новай геапалітычнай рэальнасці. Сталася тое, што яшчэ ўчора не магло прысніцца і ў страшным сне: Расея захапіла Крым, і на зямлю блізкай нам Украіны прыйшла вайна.

Але ў прамінулым годзе ў нас з вамі і ў цэлай краіны было і шмат добрага, светлага.

Мы кахалі і нараджалі дзетак, вандравалі, будавалі дамы, пісалі новыя кнігі і песні…

А яшчэ — і гэта галоўнае — мы сталі мацней любіць сваё.

Мы запісваліся на курсы беларускай мовы. Мы надзявалі вышыванкі і ладзілі ў модных кавярнях і клубах беларускія вечарыны. Мы ўпрыгожвалі навагоднія ялінкі ў сваіх нацыянальных колерах.

У 2014-м вялікі князь Альгерд нарэшце ўехаў на кані ў Віцебск, а на палях Аршанскай і Ульскай бітваў былі ўвекавечаныя імёны і абліччы нашых славутых ваяроў.

Здаецца, ужо і ўлада пачынае разумець, што менавіта сваё, крэўнае — мова, гістарычная памяць, традыцыі — могуць захінуць ад навалы лепей за любую армію.

Тады няхай у новым годзе Наваградак сустрэне бронзавага караля Міндоўга. Няхай у Менску з’явіцца вуліца Васіля Быкава. Няхай у кожным беларускім горадзе адчыняцца беларускія школы. Няхай стане яваю мара пра нацыянальны ўніверсітэт.

Мы — не ўскраіна «русского мира». У нас ёсць свой непаўторны беларускі свет, якую трэба зберагчы і зрабіць утульным.

Давайце падымем у навагоднюю ноч келіхі з белым, чырвоным і белым за наш беларускі свет! За тое, каб мы штодня рабілі яго межы шырэйшымі!

З Новым годам!

На відэа ніжэй — сардэчныя відэавіншаванні ад вядомых людзей краіны. Тайбаксёр і спявак Віталь Гуркоў, праваабаронца, намінант на Нобелеўскую прэмію Алесь Бяляцкі, нязломная сям'я Дашкевічаў, гурт «Разбітае сэрца пацана», шоумэн Глеб Лабадзенка, супрацоўнікі адной з самых паспяховых кампаній свету Viber, мастак і музыка Андрусь Такінданг і «Арт-Сядзіба».

А Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да гэтых цёплых словаў. Здароўя вам, энергіі, поспехаў!

Хай нягоды застаюцца ў прамінулым годзе, а новы хай будзе лепшым!

Хай наша еўрапейская краіна Беларусь стане ўтульным домам для ўсіх нас!

Давайце і самі рабіць лепш і рабіцца лепшымі ў вялікім ды малым!

Павіншуйце сяброў, павіншуйце блізкіх і далёкіх!

Жыве Беларусь! Усяго добрага! З Новым 2015 годам! Будзьма!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0